“Узыходзе сонца незалежнае Беларусі!”. Як галасавалі за незалежную БНР
Сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Янка Станкевіч (1891 — 1976) пакінуў успаміны пра абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 года дзяржаўнай незалежнасці БНР. Ён прыгадаў пра тыя падзеі праз 40 гадоў, калі жыў у ЗША. Успаміны былі надрукаваны ў мюнхенскай газеце “Бацькаўшчына”.
“Дзеля абвяшчэння незалежнасці Беларусі, 24-га сакавіка было пасяджэнне Рады БНР, — піша Янка Станкевіч. — Пачалося адвячоркам. Вёў яго маршалак Рады ветэрынарны доктар Серада. Спачатку ініцыятары абвешчання незалежнасці выяснілі канечную патрэбу незалежнасці Беларусі з гледзішча нацыянальна-культурнага, палітычнага і гаспадарскага ды падкрэслілі, што беларускі народ, які ў мінуласці на працягу прынамсі дзевяцёх стагоддзяў меў собскае гаспадарства, здольны сам быць незалежным гаспадаром у сваёй Бацькаўшчыне.
Тады пачалася дыскусія. У Радзе БНР былі і нацыянальныя мяншыні: расейцы — сапраўдныя, якія прыехалі сюды, і абруселыя беларусы, палякі — сапраўды спалячаныя беларусы і яўрэі. Усе расейцы былі супраць незалежнасці Беларусі, частка палякаў і частка яўрэяў таксама былі супраць. З абодвых бакоў, гэта значыць паміж прыхільнікаў і праціўнікаў незалежнасці Беларусі, было шмат прамоваў, болей з боку беларускага, як вялікае бальшыні. Настрой рабіўся ўсё гарачэйшы. Калі світала 25-га сакавіка, быў прачытаны праект рэзалюцыі. Каб паганьбіць праціўнікаў незалежнасці, раздаліся прапановы іменнага галасавання над рэзалюцыяй, што і было зроблена.
Гэта была гістарычная часіна. Дагэтуль адныя фармальна-праўна, а другія і пачуццёва былі грамадзянамі Расеі. Цяпер яны зрывалі з Расеяй, што з гледзішча расейскага права было здрадаю гаспадарства. Тыя, што не адвыклі ўважаць сябе за грамадзян Расеі, гэта добра сабе ўсведамлялі і адчувалі. Ім асабліва гэта была пераломная часіна. Я зацеміў, што др. Серада дрыжэў пры галасаванні. Усе беларусы галасавалі за незалежнасць свайго краю. Як толькі рэзалюцыя пра незалежнасць была прынята, засвяціла ў вокны ўзыходзячае сонца. Колькі асобаў ускрыкнула: “Узыходзе сонца незалежнае Беларусі!”.