Валянцін Стэфановіч: Мы будзем працаваць, пакуль застаемся на волі

111020 StefanovichS.mp3

Разглядаць справу будзе суд Першамайскага раёна, суддзя Бандарэнка, але паседжанні будуць адбывацца ў будынку суда Маскоўскага раёна. Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць гэта прыкметай таго, што паседжанне будзе адкрытым і на ім магчыма будуць прысутнічаць прадстаўнікі амбасадаў, акрэдытаваных у Менску, прадстаўнікі СМІ і ўсе жадаючыя.

Валянцін Стэфановіч: Факт, што паседжанне будзе адбывацца ў будынку суда Маскоўскага раёна, сведчыць пра тое, што паседжанне будзе адкрытым, бо суд Маскоўскага раёна навейшы і мае вялікія залі. Да таго ж, пакуль няма інфармацыі пра тое, што суд будзе закрытым. І я вельмі задаволены, што працэс будзе адкрытым, таму што ні Алесю, ні камусьці іншаму з Вясны хаваць няма чаго.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, наколькі жорсткім будзе прысуд Алесю Бяляцкаму?

Валянцін Стэфановіч: Мяркую, што прысуд будзе досыць жорсткім, з пазбаўленнем волі, пра гэта гаворыць тая акалічнасць, што Алесю Бяляцкаму не была змененая мера стрымання  на падпіску аб нявыездзе. па досведзе апошніх гадоў асаблівай надзеі на справядлівае судовае разбіральніцтва па сутнасці справы ў мяне няма. Гэта будзе працэс хутчэйшы, чым напрыклад працэс па справе выбуху ў мінскім метро. Тут не шмат сведкаў і не шмат матэрыялаў справы, я думаю, што працэс зойме тры-чатыры дні.

Еўрарадыё: Якім чынам прысуд Алесю Бяляцкаму можа адбіцца на колькасці дапамогі, якая аказваецца ахвярам рэжыму?

Валянцін Стэфановіч: Я не думаю, што гэта нейкім чынам адаб’ецца, хаця для нас гэта будзе досыць сур’ёзным ударам. Зараз шмат часу і высілкаў усёй арганізацыі вымагае справа Алеся Бяляцкага. Але я думаю, мы будзем працягваць сваю дзейнасць, у нас досыць вялікая арганізацыя з аддзяленнямі ў сямнаццаці гарадах. Усе сямнаццаць гадоў, якія працуе Вясна, не былі для нас лёгкімі. Нас пазбаўлялі статуса, абмежаваць магчымасці дзейнасці, у тым ліку ўнутранага і знешняга фінансавання, крыміналізавалі дзейнасць незарэгістраваных арганізацый. Тэарэтычна кожны з вясноўцаў можа быць арыштаваны па артыкуле за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый. Гэта пытанне палітычнай матывацыі ўладаў: калі яны захочуць кагосьці пасадзіць – яны могуць гэта зрабіць. Мы стараемся на гэта не зважаць і ісці наперад. Так што мы будзем працаваць пакуль буўзем заставацца на волі. Каб спыніць дзейнасць нашай арганізацыі, уладам трэба ізаляваць калі не ўсіх, то большасць членаў арганізацыі.

Нагадаем, што кіраўніка праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Яму пагражае 7 гадоў турмы. Бяляцкі знаходзіцца за кратамі з 4 жніўня.

У чацвер таксама стала вядома, што Валянціну Стэфановічу пагражае спагнанне падаткаў і пені – штрафных санкцый за неўплату, а гэта каля 40 млн, што пагражае праваабаронцу канфіскацыяй асабістай маёмасці. Валянцін Стэфановіч нязгодны з матывацыяй вынесенага рашэння,  бо грошы з яго рахунку, з якіх налічаныя штрафныя санкцыі, не былі ягонымі асабістымі даходамі, таму не падлягаюць ападаткаванню.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі