Васіля Парфянкова асудзілі на 4 гады строгага рэжыму
Паводле словаў абвінаваўцы, актывіст штабу Някляева ўдзельнічаў у беспарадках, 61 раз ударыў па Дому ўрада і супраціўляўся міліцыі.
Былы сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева Васіль Парфянкоў стаў першым з 42 падазроных па справе “аб масавых беспарадках 19 снежня”, чыю справу пачаў разглядаць суд. Слуханні пачаліся ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска а 10-й раніцы. Нечакана яны былі абвешчаныя адкрытымі і да пачатку пасяджэння фота- і відэааператарам дазволілі рабіць здымкі ў зале пасяджэнняў.
Праўда, у залу, разлічаную толькі на 40 месцаў, здолелі трапіць далёка не ўсе. Перавага аддавалася журналістам і прадстаўнікам дыпламатычнага корпусу. Але частка прадстаўнікоў СМІ вымушаная была чакаць звестак з залы суда за дзвярыма.
Ад самага пачатку абвінаваўца Загароўскі расставіў усе кропкі над “і”: Парфянкова патрабуюць прызнаць вінаватым не толькі ў тым, што ён ўдзельнічаў у “масавых беспарадках”, але і ў “знішчэнні маёмасці” ды “ўзброеным супраціве міліцыі”. За гэта пракурор Антон Загароўскі запатрабаваў асудзіць Парфянкова на 6 гадоў.
Антон Загароўскі: “Дзейнічаючы групай асоб, па папярэдняй дамоўленасці з невядомымі асобамі, у перыяд з 19 па 20 снежня на тэрыторыі горада Мінска, узяў удзел у масавых беспарадках, што суправаджаліся знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады”.
Праўда, згодна са словамі самога абвінаваўцы, “знішчэнне маёмасці” выглядала так: Парфянкоў “нанёс 61 удар рукамі і нагамі па драўляных загародках уваходу ў будынак”. А вось якім чынам хлопец аказваў “узброены супраціў прадстаўнікам улады”, не патлумачыў увогуле. Затое пералічыў усю “зброю”, якую падабралі міліцыянты пасля разгону акцыі на Плошчы. Гэта і 65 металічных прутоў, і 11 ручак да лапат, і 3 ледарубы, і лом з сякерай, і драўляныя брусы. Нават каністра для паліва. Вось толькі ні на адным з “гэтых рэчавых доказаў” не знойдзеныя адбіткі пальцаў Парфянков.
Адпаведна, былы сябра ініцыятыўнай групы Някляева прызнаў віну часткова — толькі тое, што ён браў удзел у мірнай акцыі на Плошчы 19 снежня. А на пытанне суддзі Вольгі Комар пра тое, чаго ён туды ўвогуле пайшоў, адказаў: “Каб выказаць нязгоду з афіцыйнымі вынікамі галасавання”.
Дарэчы, распавядаючы пра падзеі 19 снежня, Васіль Парфянкоў ненаўмысна абверг усе ранейшыя выказванні высокіх дзяржаўных чыноўнікаў датычна колькасці мікрааўтобусаў, што суправаджалі калону Някляева.
Васіль Парфянкоў: “Выйшлі Някляеў, Дзмітрыеў, сказалі, што зараз ідзем на Плошчу і будзем там чакаць вынікаў галасавання. І рушылі ў бок Кастрычніцкай плошчы. Там яшчэ ехаў BUS з намі”.
Вольга Комар: “BUS — гэта што такое?”
Васіль Парфянкоў: “Мікрааўтобус”.
Вольга Комар: “Мікрааўтобус... ЁН ехаў — а вы?”
Васіль Парфянкоў: “А мы ішлі побач. Потым з’віліся нейкія незразумелыя людзі ў чорным. Можа гэта была і міліцыя, але без апазнавальных знакаў. Паклалі ўсіх тварам у снег. Прайшло хвілін 10 — як паклалі, так і паднялі. Тады я даведаўся, што збілі Някляева, яшчэ людзей”.
Падчас допыту абвінаваўца некалькі разоў пытаўся ў Парфянкова, ці былі ў яго прадметы, якімі можна было б аказваць узброены супраціў міліцыі, біць шкло ў Доме ўраду. Ці бачыў ён ў кагосьці па дарозе да плошчы Незалежнасці ці ля Дома ўраду ў кагосьці такія рэчы. Але хлопец няўхільна адказваў адмоўна.
Што тычыцца абвінавачванняў у тым, што ён “знішчаў маёмасць”, то Парфянкоў сцвярджаў: калі ён падышоў да дзвярэй Дома ўраду, шкло там ужо было разбітае. І ўся яго віна толькі ў тым, што паштурхаў драўляныя шчыты, якімі ўваход быў перакрыты знутры.
Адначасова расказаў пра тое, як сябе падчас гэтых “масавых беспарадкаў” паводзілі кандыдаты ў прэзідэнты. Паводле Васіля Парфянкова, менавіта Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч і Андрэй Саннікаў заклікалі людзей супакоіцца, не паддавацца на правакацыі, не біць шкло і не ламаць дзверы.
Дарэчы, яшчэ на пачатку суда грамадзянскі ісцец выступіў з просьбай зменшыць іскавае патрабаванне і замест амаль 30 мільёнаў, пра якія ішла гаворка ад пачатку, спагнаць з “разбуральнікаў” Дома ўраду толькі 14 мільёнаў 48 тысяч рублёў.
Выклікалі ў суд і сведку — сябра ініцыятыўнай групы Някляева Юрася Фабяшэўскага. Але падчас допыту ён нічога не сказаў такога, з чаго б вынікала пацвярджэнне віны Парфянкова. А яшчэ паглядзелі фільм пра біццё шкла ў дзвярах Дома ўраду, зняты, найхутчэй, аператарамі спецслужбаў. Суд, прысутныя ў зале, міліцыянты з аховы і Васіль Парфянкоў з цікаўнасцю праслухалі прамову Андрэя Саннікава пра “неабходнасць змены лысай гумы”, заклікі Статкевіча і Кастусёва да выбараў без Лукашэнкі, паглядзелі на тых, хто сапраўды біў шкло і паўсміхаліся, калі аўтар здымкаў пачаў спалохана крычаць у бок амапаўцаў: “Свае, свае!”.
Фота: Змітра Лукашука, www.svaboda.org