Віктар Ганчарэнка будзе працаваць у ЦСКА, але не галоўным трэнерам
Вядомы беларускі футбольны спецыяліст Віктар Ганчарэнка будзе працаваць у маскоўскім ЦСКА. Праўда, не галоўным, а старэйшым трэнерам. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт футбольнага клуба.
Нагадаем, Віктару Ганчарэнку днямі споўнілася 38 гадоў. Сваіх першых поспехаў ён дасягнуў на пасадзе галоўнага трэнера БАТЭ, упершыню вывеў беларускі футбольны клуб у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў. У апошнія гады працаваў у Расіі, ачольваў краснадарскую "Кубань", адкуль у канцы мінулага года быў звольнены, у чэрвені-жніўні 2015-га працаваў з "Уралам", адкуль раптоўна сышоў сам. Меркавалася, што Ганчарэнка мог ачоліць казанскі "Рубін", аднак ён апынуўся ў расійскай сталіцы.
У інтэрв'ю "Прессболу" Віктар Ганчарэнка прызнаўся, што прапанова ЦСКА, сярод іншых варыянтаў, была найбольш канкрэтная. Іншыя варыянты працаўладкавання ён назваў "віртуальнымі". "Не хацелася заставацца ў няпэўнасці і чакаць, пакуль яны набудуць рэальнасць", — сказаў трэнер.
14 верасня Ганчарэнка паляціць з Мінска ў Нямеччыну, дзе ЦСКА рыхтуецца да матча групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў з "Вольфсбургам".
Фота: ria.ru