Віктар Януковіч прыняў амерыканскіх сенатараў МакКейна і Мэрфі
Раней сенатары прыгразілі візавымі і эканамічнымі санкцыямі алігархам, блізкім да прэзідэнта Украіны.
Палітыкі, што ўжо правялі ў Кіеве некалькі сустрэчаў і наведалі Еўрамайдан, увечары 15 снежня нарэшце вылучылі час для прэзідэнта Украіны. Як перадае прэс-служба Віктара Януковіча, сустрэча з сенатарам-рэспубліканцам Джонам МакКейнам і сенатарам-дэмакратам Крыстаферам Мэрфі пачалася каля 21:45 па кіеўскім часе.
Падчас сустрэчы Януковіч "у чарговы раз падкрэсліў нязменнасць еўраінтэграцыйны курсу Украіны, а таксама вернасць нацыянальным інтарэсам краіны".
Прэзідэнт Украіны запэўніў, што "улада зробіць усё магчымае для забеспячэння права грамадзян на мірныя дэманстрацыі", а таксама для правядзення сумленнага і празрыстага расследавання брутальнага разгону Еўрамайдана 30 лістапада.
Бакі дамовіліся працягнуць дыялог.
Раней украінскія СМІ пісалі, што сенатары прыгразілі візавымі і эканамічнымі санкцыямі алігархам, блізкім да Віктара Януковіча.
"Калі ўрад будзе і далей практыкаваць рэпрэсіі, павінны быць разгледжаны санкцыі — супраць асоб і арганізацый, вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці, якія парушаюць правы чалавека", — цытуе МакКейна korrespondent.net.
Удзень 15 снежня МакКейн і Мэрфі выступілі на народным сходзе ў Кіеве. Ад імя амерыканскага ўраду яны падтрымалі Еўрамайдан.
Фота: "РИА "Новости".