Вікторыя Азаранка прайграла ў фінале US Open Серэне Уільямс (відэа)
Другая ракетка свету саступіла ва ўпартай барацьбе першай з лікам 5:7, 7:6, 1:6. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 45 хвілін.
У Вікторыі былі добрыя шанцы, каб выйграць першы сэт, калі ў Серэны не ўсё атрымлівалася, яна нейкі час не магла прыстасавацца да моцнага ветру. Аднак амерыканская тэнісістка відавочна дабавіла ў гульні і здолела пакінуць сэт за сабой. У другім сэце Уільямс спакойна і дакладна гуляла ў важных момантах, а Азаранка часам не магла саўладаць з эмоцыямі, рабіла двайныя памылкі. Лік быў 4:1 на карысць амерыканкі, але беларуска выраўняла гульню і вырвала перамогу ў тайм-брэйку. У трэцім сэце Серэна Уільямс рабіла менш памылак і ўпэўнена выйграла.
Варта адзначыць, што паглядзець паядынак прыехаў былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан.
Такім чынам, Серэна Уільямс узяла ў Вікторыі Азаранкі рэванш за паражэнне ў фінале турніра ў Цынцынаці. Год таму Вікторыя саступіла ў фінале адкрытага чэмпіянату ЗША Серэне — 2:6, 6:2, 5:7. Цяпер лік у паядынках Уільямс і Азаранкі 13:3 на карысць амерыканкі.
Нагадаем, на шляху да сёлетняга фіналу US Open Вікторыя Азаранка абыграла немку Дзіну Пфіцэнмаер — 6:0, 6:0, канадку Аляксандру Вазняк — 6:3, 6:3, францужанку Алізу Карнэ — 6:7, 6:3, 6:2, сербку Ану Іванавіч — 4:6, 6:3, 6:4, Даніэлу Хантухаву з Славакіі — 6:2, 6:3, італьянку Флавію Пенету — 6:4, 6:2.
Фота — Getty Images