Вікторыя Азаранка рыхтуецца стаць мамай

Вікторыя Азаранка рыхтуецца стаць мамай

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка, якая займае 6-е месца ў сусветным рэйтынгу, рыхтуецца стаць мамай. Пра гэта спартсменка паведаміла ў сваім Твітары.

“Дарагія заўзятары, хачу падзяліцца цудоўнай навіной. Калі я аднаўлялася ад траўмы калена, атрыманай на “Ралан Гарос”, мой лекар паведаміў, што мы з маім маладым чалавекам у канцы года станем бацькамі. Мы неверагодна радыя, што створым сям’ю”, — напісала найлепшая беларуская тэнісістка.

Азаранка таксама піша, што хоць ёй і будзе не хапаць спорту, яна з радасцю глядзіць у будучыню. Яе натхняюць прыклады мноства спартсменак, якія вярнуліся на вяршыні пасля нараджэння дзяцей, і  Вікторыя плануе ажыццявіць тое ж самае.

“Няма нічога больш цудоўнага за нараджэнне дзіцяці, і я маю мноства прыкладаў жанчын, якія дамагаюцца поспеху ў розных галінах, адначасова гадуючы дзяцей”, — адзначыла Вікторыя Азаранка.

Пры гэтым тэнісістка не называе імя бацькі свайго будучага дзіцяці.

Нагадаем, што сёлета мамай стане яшчэ адна славутая беларуская спартсменка — біятланістка Дар’я Домрачава. Яна чакае дзіця ад легендарнага нарвежскага біятланіста Уле Эйнара Б’ёрндалена.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі