"Вольнае паветра" адсвяткуе Купалле ў даліне Шаблёў

Фестываль "Вольнае паветра" пройдзе 5 ліпеня ў даліне ракі Буянка, што працякае праз хутар Шаблі. На галоўнай сцэне фэстe, прымеркаванага да свята Купалле, сыграюць беларускія гурты "Троіца", "Альтанка", "Стары Ольса" ды, магчыма, Pafnutiy's Dreams.


"Будзе таксама шэраг калектываў, якія выступяць без гукаўзмацняльнай апаратуры, — распавядае арганізатар фэстывалю Уладзімір Шаблінскі. — Яны будуць выступаць на ўзгорках ля вогнішч. Там жа будуць размешчаныя некалькі гукавых і візуальных кропак. Мы хочам, каб народ перастаў сядзець непасрэдна пад сцэнай і слухаць музыку, а пачаў гуляць па даліне. Мы хочам, каб загучала ўся даліна! Запальваючы па чарзе, эстафетай, вогнішчы, як у фільме пра Хобітаў, мы хочам даць агульнасць даліны, злучыць розныя берагі".


Сваёй новай датай сёлетняе "Вольнае паветра" вяртаецца да вытокаў, бо ад пачатку фэст быў акурат купальскім. Да таго ж, канец жніўня, калі праходзілі апошнія некалькі фестываляў, перастаў радаваць цеплынёй.


"У плане музычнага фармату сёлета мы адыдзем ад балтык-балкан і тых музычных жанраў, якія мы вызначалі як "новае этна", — працягвае пералічваць фішкі летняга фэсту Шаблінскі. — Мы вяртаемся да такога, магчыма, больш традыцыйнага этна, але, зноў жа, сыходзячы з Купалля. Мы паспрабуем паказаць абрады, звязаныя са святам. То бок, у нас, апроч музычнай, будзе і вялікая інтэрактыўная частка".


Дата правядзення "Вольнага паветра" прыпадае на вялікія ліпеньскія выхадныя, звязаныя з Днём незалежнасці. Уладзімір нагадвае, што хутар заўсёды адкрыты, і "пранікацца духам вольнага паветра" можна пачынаючы ужо 3-га ліпеня.


Квіткі на "Вольнае паветра" паступяць у продаж не пазней 1 красавіка. Іх першапачатковы кошт складзе 100 тысяч рублёў. Бліжэй да імпрэзы кошты будуць павялічвацца.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі