Вялікая чыстка Вялікага: якім будзе Оперны тэатр пасля скандальных звальненняў

Оперны тэатр у сакавіку 2018 года / Еўрарадыё
Оперны тэатр у сакавіку 2018 года / Еўрарадыё

Апошні сезон Нацыянальнага тэатра оперы і балета стаўся скандальным. Звольнена ўжо больш за дзесяць чалавек — і гэта далёка не мяжа. Кадравая чыстка, без сумневу, наносіць Вялікаму велізарную шкоду — але не выклікае такога рэзанансу, як звальненне супрацоўнікаў Купалаўскага тэатра.

Тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч у калонцы для Еўрарадыё піша пра прычыны звальненняў і перспектывы Опернага пасля іх.

Храналогія звальненняў

Мінулым летам з Купалаўскага пайшла вялікая частка трупы. Гэтая навіна разышлася па ўсім байнэце і выклікала шок. Прычын некалькі: купалаўцы пайшлі на піку пратэстаў, іх адыход стаў масавым, а само існаванне тэатра апынулася пад пытаннем. Улады змаглі з цяжкасцю "перазапусціць" работу Купалаўскага толькі вясной 2021 года, паклікаўшы на дапамогу студэнтаў універсітэта культуры.

Звальненні ў Оперным праходзяць адноснага ціха — і працягваюцца дагэтуль. Першым — яшчэ ў жніўні 2020-га — страціў пасаду Вячаслаў Чарнуха-Воліч, які прапрацаваў на пасадзе галоўнага дырыжора ўсяго два дні. У кулуарах казалі, што яго прызначэнне не спадабалася аднаму з калег. Вось ён і сігналізаваў наверх пра "палітычныя" фотаздымкі маэстра ў сацсетках.

Большая чистка "Большого": каким будет Оперный театр после громких увольнений
Вячаслаў Чарнуха-Воліч

Потым звольнілі яшчэ пяць чалавек. Канцэртмайстра Рэгіну Саркісаву і альтыстку Аляксандру Пацёміну — за акцыю салідарнасці перад публікай, якая здарылася ў пачатку оперы "Царская нявеста". Скрыпачку Алу Джыган — за кампанію з імі, хоць яна не паспела сказаць ні слова.

Тады ж аддалі працоўныя дырыжору Андрэю Галанаву і спеваку Іллю Сільчукову. Абодва ўдзельнічалі ў запісе відэа "Культура за забастоўку". Галанаў сказаў на відэа словы "Выціснуць з сябе раба", Сільчукоў — "Стужкай, словам, дзеяннем". Звальненне супрацоўнікаў тэатр абгрунтаваў здзяйсненнем "амаральнага ўчынку". "Калі б у відэазвароце было напісана проста — грамадзянін Рэспублікі Беларусь Ілля Сільчукоў, ніхто б яго не звальняў", — заявіў у судзе прадстаўнік Опернага.

Наступныя сыходы не заўсёды суправаджаліся публічнымі каментарамі і агалоскай. Не працягнулі кантракты народнаму артысту Уладзіміру Пятрову, спявачкам Наталлі Акінінай і Кацярыне Галаўлёвай, рэжысёру Дар'і Пататурка, хормайстру Івану Цітову. "Па ўласным жаданні" пайшла з тэатра рэжысёрка Алена Медзякова. А зусім нядаўна пра сыход абвясціў дырыжор Дзмітрый Мацвіенка.

Большая чистка "Большого": каким будет Оперный театр после громких увольнений
Ілля Сільчукоў / Еўрарадыё

Мабыць, толькі ў выпадку з Галаўлёвай прычынай магла стаць не яе грамадзянская пазіцыя, а сямейны статус: у яе мужа, былога галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ, напружаныя адносіны з новай адміністрацыяй. Што да астатніх, то Цітова затрымлівалі ў горадзе з нацыянальнай сімволікай. Пятроў і, хутчэй за ўсё, большасць з яго калег удзельнічалі ў запісе аднаго са зваротаў супраць гвалту.

Гэты спіс далёка не поўны. У кулуарах настойліва кажуць, што адміністрацыя Опернага чакае, пакуль у асобных супрацоўнікаў скончацца кантракты. Цяпер іх заключаюць на непрацяглы час. Таму гэты спіс, хутчэй за ўсё, неўзабаве папоўніцца.

Вялікі працягне працаваць

З творчага пункту гледжання ў звальненнях няма ніякай логікі. Напрыклад, Уладзімір Пятроў, які выклікае захапленне сваім творчым даўгалеццем і адданасцю тэатру, — адзін з сімвалаў Опернага. Вячаслаў Воліч вядомы супрацоўніцтвам з маскоўскім музычным тэатрам імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі — адным з самых аўтарытэтных у Расіі, а цяпер ён галоўны дырыжор Опернага тэатра ў Адэсе. Каб пералічыць перамогі Іллі Сільчукова на міжнародных конкурсах, не хопіць пальцаў абедзвюх рук. Рэгіна Саркісава мела велізарны аўтарытэт у аркестры. Дзмітрый Мацвіенка ў 2021-м выйграў Міжнародны конкурс маладых дырыжораў і г. д. 

Але цяпер на першы план выходзіць грамадская пазіцыя і лаяльнасць. Тым больш што кожнае звальненне можна растлумачыць раздутым штатам тэатра. Гэта, вядома, праўда, штат раздуты, толькі вось чысцяць яго за кошт найлепшых, а не найгоршых. 

Большая чистка "Большого": каким будет Оперный театр после громких увольнений
Оперны тэатр у пасляваенным Мінску

Ці пагражае рабоце тэатра звальненне самых яркіх зорак? Адкажу цынічна: не. У пачатку 1990-х калектыў Опернага не захацеў працаваць з Марыяй Гулегінай. Яна, бачыце, прапаноўвала спяваць оперы на мове арыгінала, а трупа, якая прывыкла выконваць іх па-руску, не хацела перавучвацца. Гулегіна канчаткова з'ехала за мяжу і зрабіла сусветную кар'еру. Калі летась яна прыязджала на канцэрт у Мінск, яе сустракалі як прымадону.

Дарэчы, тэатральны прагрэс узяў сваё. Ужо праз некалькі гадоў пасля скандальнага звальнення Гулегінай трупе давялося перайсці на італьянскую і французскую. Але Оперны тады працягнуў спакойна працаваць. Тое самае адбудзецца і цяпер, нават калі агульны ўзровень пасля звальнення зорак знізіцца.

Большая чистка "Большого": каким будет Оперный театр после громких увольнений
У 1948 годзе Вялікі ўзвышаўся над вёскай. А што цяпер?

Оперны захрас у мінулым

Але ўзнікае іншае пытанне, пакуль рытарычнае: ці захочуць у будучыні, калі ў Беларусі ўсё ж адбудуцца перамены, звольненыя вярнуцца ў тэатр да тых, хто іх звольніў? Ці пагодзяцца тыя, хто пайшоў, трываць побач тых, хто застаўся?

У Оперным наступствы кадравай чысткі і непазбежнага міжасобаснага канфлікту накладваюцца на іншую праблему: наяўная мадэль тэатра не адпавядае часу. На дварэ пачатак 2020-х, а ў рэпертуары ідзе адна (!) опера, напісаная ў ХХІ стагоддзі. Гаворка пра "Пінокіа" нямецкага кампазітара Глорыі Бруні, дый то гэтага спектакля — самай яркай прэм'еры мінулага сезона — няма ні ў вераснёўскай, ні ў кастрычніцкай афішы. Творы, напісаныя сучаснымі беларускімі кампазітарамі, у тэатры не ідуць ("Доктар Айбаліт" Марыны Марозавай не паказваецца ўжо некалькі гадоў). На беларускай мове выконваюцца толькі два спектаклі — "Сівая легенда" Дзмітрыя Смольскага і "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Солтана. Пра класіку, створаную нашымі суайчыннікамі — возьмем хоць якую оперу ўраджэнца Міншчыны Станіслава Манюшкі, — нават не заікаюцца.

Ці можна пры такім раскладзе гаварыць пра паўнавартасны Нацыянальны Оперны, які прасоўвае ў тым ліку сучасную айчынную культуру? Не ўпэўнены.

Большая чистка "Большого": каким будет Оперный театр после громких увольнений
Сезон-2019 адкрывалі операй Барадзіна "Князь Ігар" / zviazda.by

Якія ўлады — такі і тэатр

У апошнія гады калектыў настойліва пазіцыянаваў сябе як "Вялікі". Не ў апошнюю чаргу — дзеля заходніх гледачоў, знаёмых з вядомым брэндам і здольных зачапіцца за яго ў часе гастроляў. Асабіста ў мяне гэта слова выклікае непрыманне. Усё ж брэнд "Вялікі" звязаны з маскоўскім тэатрам, "беларускі Вялікі" сам па сабе другасны.

Але ў такім брэндаванні ёсць і свая логіка. Тэатр, які існуе ў Мінску, працуе па дыхтоўных кансерватыўных лякалах 1980-х, праўда, з тэхналагічна ўдасканаленай начынкай. У рэпертуары дамінуюць творы XIX стагоддзя, зроблена стаўка на культасвет, а не на эксперымент. Эксперыментальная сцэна адсутнічае.

Дзейная мадэль ідэальна адпавядае разуменню ўладамі культуры ў цэлым і тэатра ў прыватнасці, бо яны арыентаваныя на 1980-я. Таму якіх-небудзь узрушэнняў у Оперным у самай найбліжэйшай будучыні чакаць не даводзіцца. Але ў будучыні яны не могуць не наступіць.

Не сакрэт, што ў апошнія дзесяцігоддзі Оперны знаходзіўся ў прывілеяваным фінансавым становішчы адносна іншых тэатральных калектываў. Але грошай у бюджэце становіцца ўсё менш, культура відавочна не будзе ў прыярытэце, а гастролі па еўрапейскіх гарадах і вёсках — сур'ёзная крыніца даходу — на найбліжэйшы час закрытыя праз каранавірус. Што рабіць з падвойным складам аркестра, набраным пад гэтыя паездкі, цяпер незразумела. Так што ў найбліжэйшы час тэатр, хутчэй, чакае эканомны варыянт існавання і паступовае завяршэнне "вялікага" этапу ў яго развіцці. А вось што будзе потым, пакуль што незразумела.

Большая чистка "Большого": каким будет Оперный театр после громких увольнений
Оперны тэатр на Дзень Волі ў 2018 годзе

"Вялікія" перамены

Беларускі Вялікі — галоўны манапаліст у оперна-балетнай сферы. А ўсякая манаполія апрыёры знішчае ўсякую канкурэнцыю. Рэфармаваць яго на скорую руку не атрымаецца: Оперны, як непаваротлівы акіянічны лайнер, не схільны да хуткіх змен курсу. Але для паўнавартаснага развіцця культуры ў краіне жыццёва неабходнае існаванне не аднаго, а многіх музычных калектываў — дзяржаўных і прыватных, у сталіцы і ў абласных цэнтрах, "вялікіх" і камерных, арыентаваных на эксперымент і класіку.

Раней альтэрнатывы Опернаму не было, таму за тэатр трымаліся гадамі — нават рэдка выходзячы на сцэну ці шмат гадоў чакаючы сваёй чаргі для пастаноўкі. Кадравая чыстка трохі расхістала гэты маналіт. Але галоўныя змены — у будучыні. Хочацца верыць, што пры іншай культурнай палітыцы і пераменах у краіне паўстануць умовы для стварэння і работы многіх і розных тэатраў. І тады цяперашняя кадравая чыстка толькі паскорыць ператварэнне беларускага Вялікага ў Нацыянальную Оперу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі