Выйшла на волю давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе

Падчас зняволення ў Антаніны моцна пагоршыўся зрок / Вясна
15 снежня на свабоду выйшла палітзняволеная Антаніна Канавалава, якая была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай на выбарах 2020 года. Пра гэта паведаміла яе маці Ганна Канавалава на сваёй старонцы ў Facebook. Жанчыну асудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі.
"Сёння — самы шчаслівы дзень у нашым жыцці. Мая дачушка нарэшце выйшла на волю! Гэты момант мы чакалі з такім хваляваннем і надзеяй, што ўсё будзе добра. Яна на свабодзе, і гэта самае галоўнае", — напісала Ганна.
У траўні 2021 года Антаніну і яе мужа, палітзняволенага Сяргея Ярашэвіча, асудзілі да пяці з паловай гадоў калоніі па справе "Арміі з народам". Іх абвінавацілі ў "падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках" і "падрыхтоўцы беспарадкаў".
Падчас зняволення ў Антаніны моцна пагоршыўся зрок, што стала прычынай прызначэння трэцяй групы інваліднасці.
На волі ў Антаніны і Сяргея засталіся двое маленькіх дзяцей: Ваня і Насця. Іх апякуе маці Антаніны, Ганна Канавалава. Пасля ўцёкаў з Беларусі сям’я жыве ў Польшчы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.