The Washington Post: Расія можа напасці на Украіну праз Азоўскае мора

Расійскія караблі ў Азоўскім моры / Военное обозрение
Расійскія караблі ў Азоўскім моры / Военное обозрение

Напад Расіі на Украіну можа адбыцца з боку Азоўскага мора. Водная прастора можа стаць плацдармам для далейшых ваенных дзеянняў, піша Тhe Washington Post.

Выданне сцвярджае, што Азоўскае мора — адзінае месца, дзе сілы дзвюх краін кожны дзень рызыкуюць мець прамы канфлікт. Тым больш, што ў Азоўскім моры расійскіх караблёў у чатыры разы больш, чым украінскіх, кажа Тhe Washington Post галоўны рэдактар ​​"Чарнаморскіх навін" Андрэй Кліменка. Паводле яго слоў, паколькі ў моры няма мяжы, расійскі флот можа падысці да ўкраінскага берага настолькі блізка, наколькі пажадае, што, магчыма, робіць паўднёва-ўсходнія прыморскія гарады Украіны найбольш уразлівымі ў краіне.

На думку выдання, берагавая лінія Азова мае для Расіі больш сур'ёзную стратэгічную і эканамічную каштоўнасць, чым усходнія памежныя раёны Украіны, якія пацярпелі ад вайны. Партовыя гарады Марыупаль і Бярдзянск экспартуюць прадукцыю з рэгіёну. Недалёка знаходзіцца Таганрог — цэнтр гандлю праз паўднёвы захад Расіі.

"З пункту гледжання бяспекі ў Азоўскім моры дамінуе Расія, і ў выпадку вайны яна будзе актыўна выкарыстоўваць гэта для ціску на нашы паўднёвыя гарады на Азоўскім узбярэжжы", — сказаў газеце міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба, дадаўшы, што пры цяперашніх абставінах менавіта Расія дыктуе сітуацыю на Азове і выкарыстоўвае яго як "тэатр ваенных дзеянняў".

Пра тое, што Расія рыхтуецца да вайны з Украінай яшчэ 21 лістапада заявіў начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў. На яго думку, размова ідзе аб Усходзе і Поўдні Украіны. Па дадзеных разведкі, каля межаў Украіны знаходзяцца 92 тысячы расійскіх вайскоўцаў, піша "Грамадскае".

23 снежня на штогадовай прэс-канферэнцыі ў Маскве Пуцін расказаў, ці плануе ён напад на Украіну. Ён растлумачыў, што дзеянні Расіі будуць залежаць не ад перамоваў з НАТА, а гарантый, што Альянс не будзе пашырацца на ўсход. Толькі так, лічыць Пуцін, Расія будзе пачувацца ў бяспецы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі