Як удары УСУ па балтыйскіх партах Расіі адбіліся на працы БЧ

Ключавы канал экспарту практычна спыніўся

Ключавы канал экспарту практычна спыніўся / LookByMedia

Пасля ўдараў УСУ па расійскіх партах Балтыкі Беларуская чыгунка сутыкнулася з рэзкім падзеннем аб’ёмаў перавозак. Ключавы канал экспарту — міждзяржаўны стыкавы пункт Езярышча— Завярэжжа — фактычна страціў ранейшую загрузку. Пра гэта піша "Супольнасць чыгуначнікаў".

Да атак праз гэты пераход штодня перадавалася 10–14 цягнікоў, у асобныя дні — да 16. З іх 1–3 саставы прыпадалі на наліўныя грузы, перадусім нафтапрадукты. Цяпер аб’ёмы скараціліся больш чым удвая — да 4–6 цягнікоў у суткі. Пры гэтым у перыяд з 1 па 3 красавіка 2026 года перадача наліўных грузаў фактычна адсутнічала.

Найбольш адчувальны ўдар прыйшоўся па экспартных перавозках нафтапрадуктаў. Экспарт праз Усць-Лугу ўжо знізіўся на 50%, што запусціла ланцуговую рэакцыю: змяншаецца падача вагонаў пад наліванне, парушаецца рытм адпраўленняў, на станцыях назапашваюцца саставы, а частка парку фактычна прастойвае.

Спробы БЧ пераарыентаваць патокі на іншыя парты ўпіраюцца ў інфраструктурныя абмежаванні. Магутнасці для перавалкі бензіну абмежаваныя, наменклатура грузаў ужо размеркавана, а прыярытэт у любым выпадку застаецца за расійскімі грузаадпраўшчыкамі. У гэтых умовах беларускі экспарт становіцца другасным і выціскаецца.

Усё гэта прывяло да таго, што лішак прадукцыі беларускай нафтахіміі застаецца ўнутры краіны і назапашваецца на станцыях, што вядзе да сістэмных наступстваў для ўсёй сеткі БЧ.

Інфраструктура не разлічана на масавае назапашванне вагонаў: забіваюцца пуці, падае прапускная здольнасць, пакутуюць іншыя грузы. Лакальная праблема экспарту ператвараецца ў агульнагаліновы крызіс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.