Як выглядае Майдан праз 2 месяцы пасля перамогі (фота)
Карэспандэнт Еўрарадыё наведаў Кіеў і пабачыў, што сёння засталося ад украінскай рэвалюцыі.
“У каго ёсць грыўны? Пад’язджаем да мяжы. Калі хочаце праехаць хутка і без праблем, то давайце грошы. 20 грывен (каля 17 тысяч рублёў) памежнікам, 50 (42 тысячы рублёў) – мытнікам. Яшчэ 10 (8,5 тысячы) — ахове, “чорным”. Не дадзім – доўга тут будзем стаяць”, — кіроўца мікрааўтобуса за пяць секунд знішчае амаль ўсе надзеі пабачыць новую Украіну літаральна. Потым збірае грошы, кладзе ў тэчку з дакументамі і знікае ў цемры.
Мяжу праязджаем за 15 хвілін. Украінцы нават не аглядаюць прасторны салон нашага “Спрынтэра”, не кажучы пра асабістыя рэчы дзясятка мужчын і немаленькіх сумках ды заплечніках.
Дзіўна для краіны, якая фактычна знаходзіцца ў стане вайны з Расіяй і нават забараніла ўезд на сваю тэрыторыю усім грамадзянам РФ прызыўнога ўзросту.
Таму калі на начной запраўцы пад Кіевам на беларускія воклічы “Слава Украіне!” адказваюць нешта малазразумелае, а касір заяўляе, што на выбарах галасаваць збіраецца за Цігіпку, ужо не здзіўляюся.
Не здзіўляюся і цішыні на Майдане. Сцэна не падсвечаная, у намётах за ёй ад сілы некалькі соцень чалавек. Няма бясплатнай ежы, вопраткі, знялі ахову перыметра. Рэдкія майданаўцы бадзяюцца паміж намётаў, сядзяць на лаўках, паляць смецце ў металічных бочках. Адзін з іх прадстаўляецца Алегам Асадчым і гаворыць, што радасць ад перамогі замяніла расчараванне.
“Я вельмі расчараваны тым, што Расія пачала супраць нас вайну… Усё, чаго мы дамагліся, згубіла сэнс. Радаваўся, калі рэвалюцыя перамагла. У мяне з’явіліся падставы думаць, што з’явяцца новыя магчымасці арганізаваць сваё жыццё, бізнес. Чаму? Бо папярэдні рэжым не даваў мне такой перспектывы”.
Алег прыйшоў на Майдан усяго два тыдні таму, ужо пасля гібелі людзей, уцёкаў Януковіча і зялёных чалавечкаў у Крыме. Расказвае, што першы раз, яшчэ ўвосень, яго не ўзялі – не меў знаёмых сярод майданаўцаў, якія б за яго паручыліся. Цяпер жа жыць у намётах у цэнтры Кіева можа амаль кожны ахвочы – кантроль аслабеў, ды і месца ў намётах шмат. “Калі я прыйшоў – тут жыло 30 чалавек. Цяпер нас засталося 4”, — расказвае ён.
Побач з намі жанчына гандлюе майданаўскімі сувенірамі – магніцікамі на лядоўню з партрэтам Бандэры (па 15 грывен, каля 13 тысяч рублёў) і залатымі батонамі з пластыка (па 20 — каля 17 тысяч рублёў). На Майдан яна не хадзіла і “палітыкай не цікавіцца”, за каго будзе галасаваць на хуткіх прэзідэнцкіх выбарах – таксама не ведае. Мой суразмоўца Алег больш адказны. Гаворыць, што прагаласуе за Вольгу Багамолец, бо “яна наша, была тут увесь час, на Майдане”. Хоць і новую ўладу не крытыкуе. Але пытанне аб тым, чым Турчынаў і Яцанюк кардынальна адрозніваюцца ад Януковіча і Азарава прымушае суразмоўцу задумацца.
“Вядома, яны лепшыя. Чым? Яны не крадуць. Яны зразумела размаўляюць, без паперак, скажам так… Да іх больш даверу”, — усё менш упэўнена гаворыць ён.
Пра запланаваныя на канец траўня прэзідэнцкія выбары, дарэчы, на Майдане амаль нічога не нагадвае. Як і ў Кіеве. Заўважаю толькі агітацыйныя плакаты кандыдата ад “Партыі рэгіёнаў” Міхаіла Добкіна. Некаторыя з іх запэцканыя зялёнкай. У размовах з кіеўлянамі яшчэ можна пачуць прозвішчы Парашэнкі і Цімашэнкі. Рэйтынг Вольгі Багамолец, калі верыць сацыёлагам, крыху большы за статыстычную памылку.
Размова з Алегам ізноў вяртаецца ад тэмы выбараў і сітуацыі на ўсходзе Украіны да майдана і рэвалюцыі. Расказваць аб гэтым прыезджаму журналісту нашмат прыемней.
“Я хачу ўжо абараняць вынікі рэвалюцыі. Я не верыў у тое, што гэта адбудзецца. Мяне тут не было, калі яна адбылася, назіраў за ўсім з экрана тэлевізара. І цяпер я прыйшоў абараняць яе вынікі. Бо перамога над Януковічам – гэта проста цуд, проста цуд”.
Побач з намі праходзяць мінакі. Некаторыя спыняюцца паглядзець на фотаздымкі герояў “Нябеснай сотні”, нехта яшчэ фатаграфуецца побач з разбітымі вадамётамі ці захопленымі ў дэсантнікаў бронемашынамі. Большасць проста шпацыруе па зазелянелым і цёплым вячэрнім Кіеве. Аб нядаўняй рэвалюцыі нагадваюць толькі вайсковыя намёты, горы садранай з ходнікаў брукаванкі і раскіданыя паўсюль старыя пакрышкі. “Можа яшчэ спатрэбяцца”, — гаворыць Алег. Я пагаджаюся. Ніхто не ведае, што будзе з Украінай далей.