Ярмошына — пра сваю крышталёвую мару: Каб усе выбары прызнаваліся
У часопісе "Dipservice", які Міністэрства замежных спраў выдае для замежных амбасадаў, выйшла інтэрв'ю з Лідзіяй Ярмошынай. Як паведамляе "Белсат", гутарка са старшынёй ЦВК заняла ажно дзесяць старонак. Нумар выйшаў напярэдадні сёлетніх парламенцкіх выбараў.
Ярмошына прыгадала, што з пасады юрыста Бабруйскага гарвыканкаму трапіла ў крэсла старшыні Цэнтрвыбаркаму. У сувязі з гэтым яна назвала "наменклатурнай Папялушкай".
Выказалася чыноўніца і на шэраг іншых тэмаў.
Пра палітыку і жанчын
Жанчынам гэта нецікава. Уявіце сабе дзвюх сябровак, якія сядзяць пры каве і абмяркоўваюць, хто стане прэзідэнтам ЗША. Ды ім гэта ў галаву не прыйдзе! Жанчын цікавіць канкрэтыка. (…) Вось выйсці замуж — гэта вынік. Пашыць сукенку, спячы торцік — таксама рэзультат. (…) Жанчына па сваёй натуры апалітычная. Дарэчы, прыстойны чалавек заўжды апалітычны.
Пра "крышталёвую мару"
Гэтая мара (прызнанне прэзідэнцкіх выбараў з боку місіі АБСЕ. – "Белсат") сёння збылася, але ў любы момант усё можа змяніцца, у міжнароднай палітыцы ўсё вельмі непрадказальна. Крышталёвая мара — каб усе выбары прызнаваліся.
Пра студэнтаў і рамантыку
Студэнцтва — гэта час, калі рэвалюцыя ў жыцці адбываецца, чалавек становіцца самастойным. І рамантыкі колькі! Хаця ў жыцці сучаснай моладзі яе, мне падаецца, менш. А ў нас было суцэльнае каханне, камсамол і вясна, і гэта было цудоўна.
Пра галоўнае дасягненне
Галоўнае дасягненне для мяне — заставацца прыстойным чалавекам.
Пра ўлюбёных палітыкаў
Я, напрыклад, захапляюся Уінстанам Чэрчылем. Я з задавальненнем цытую Напалеона, хай ён і лічыцца дыктатарам, для мяне ён вялікі чалавек. З сучасных палітыкаў мне вельмі імпануе Ангела Мэркель.
Пра хобі
…Калі вы пра хобі, то каб нечым, акрамя працы, займацца добра, трэба мець пэўныя таленты і здольнасці. Я не маю талентаў, таму па-за працай люблю ўсё, звязанае з культурай. Люблю мастацкую літаратуру, тэатр. Падарожжы люблю выключна пазнавальныя, намёты і байдаркі — гэта не маё, музеі і палацы — вось маё.
Пра сыход на пенсію
Я не вельмі магу будаваць планы на гэты конт, усё ж такі мой лёс у плане кар’еры вельмі залежыць ад кіраўніка дзяржавы, менавіта ён прызначае на пасаду. Мне было сказана, праўда, жартам, што я занадта маладая, каб марыць пра пенсію.