Ярмошына: Прэзідэнт пайшоў у натоўп, бо заўважыў там нейкае “варушэнне”

Сенатар Мікалай Чаргінец лічыць, што здзейсніць “злоснае хуліганства” на Дзень незалежнасці мог альбо псіхічна хворы чалавек у пошуках славы, альбо радыкалы з УНА-УНСО. Дэпутат Сяргей Касцян у арганізацыі выбуху вінаваціць таемныя “трэція” сілы. Лідзія Ярмошына кажа, што прэзідэнт пайшоў ў натоўп пасля выбуху таму, што не мог рэальна ацаніць небяспеку такога ўчынку. У Мікалая Чаргінца ёсць дзве версіі таго, хто стаіць за арганізацыяй выбуху 3 ліпеня. Першая – гэта зрабіў псіхічна хворы чалавек у пошуках славы.

Мікалай Чаргінец:
“Сюжэтная лінія, на мой погляд, тут дастаткова выразна праглядаецца – нейкі адмарозак вырашыў сапсаваць свята. Заявіць пра сябе, хоць і інкогніта, але гучна, нахабна, з прычыненнем фізічных пакутаў людзям”.

Згодна з першай “сюжэтнай лініяй” Чаргінца, “адмарозак” мясцовы. Праўда, па яго словах, ніякага дачынення да беларускай апазіцыі ён не мае. Але ёсць і другая “лінія”. Згодна з ёй, выбух арганізавалі радыкалы з украінскага, як выказаўся сенатар, “УНА”.

Мікалай Чаргінец:
“Я нават дапускаю, што гэта не наша апазіцыя. Гэта, хутчэй за ўсё, прыезджыя, накшталт “УНО”. Якія нашых навучалі, а нашы вельмі старанна вучыліся, як гэта рабіць”.

Не мае ніякага дачынення да выбуху ніхто з афіцыйнай беларускай апазіцыі і па меркаванні намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргея Касцяна.

Сяргей Касцян:
“Гэта зроблена пэўнымі людзьмі, якія не ўваходзяць у апазіцыю, якія не шумяць і якія ніякім чынам не выказваюць сябе апазіцыянерамі. Сёння ніхто па прозвішчах не назаве гэтых людзей. Мы іх не ведаем. Але тое, што такія людзі ёсць, пацвярджае факт гэтага тэрору”.

Дэпутат катэгарычна адмаўляецца называць тое, што адбылося падчас святкавання Дня Незалежнасці, “злосным хуліганствам” альбо спісваць выбух на дзеянні псіхічна хворага чалавека. На яго думку, для хворага ўсё было занадта прафесійна зроблена.

Сяргей Касцян: “Тое, што гэта было зроблена свядома, я ў гэтым упэўнены. Таму, што несвядома немагчыма было пранесці выбуховае прыстасаванне, закласці туды гайкі, загадзя ведаючы, што не толькі будуць пацярпелыя, але ўвогуле могуць загінуць людзі. Гэта не простае хуліганства. Гэта спланаванае, прадуманнае і пралічанае дзеянне ў спадзяванні на тое, што прэзідэнт схаваецца, прэзідэнт пабяжыць сам, і ў людзей пачнецца паніка”.

Што гэта за “трэцяя сіла”, якая з аднаго боку не навідзіць беларускую ўладу, а з другога – не мае дачынення да беларускай апазіцыі, дэпутат так і не здолеў назваць нават прыблізна.

Тое, што “афіцыйная”, як яе называе Лідзія Ярмошына, апазіцыя не мае ніякага дачынення, старшыня Цэнтрвыбаркаму ўпэўнена. На яе думку, выбуховае прыстасаванне маглі зрабіць і прынесці на свята ўдзельнікі нейкай незарэгістраванай радыкальнай моладзевай групоўкі. Але і дэмакраты, кажа, вінаватыя ў тым, што не адмаўляюцца сябраваць з гэтымі радыкаламі супраць агульнага ворага – афіцыйнай улады.

Лідзія Ярмошына:
“Наша апазіцыя вельмі самавітая. Іх цяжка ўявіць з нейкай “нашпігаванай” бутэлькай. Гэта немагчыма. Але яны заўсёды апякуюцца і кажуць, што гэта іх маладыя арляняты, усялякія такія незразумелыя арганізацыі, якія часцяком арганізуюць правакацыі на мітынгах, менавіта яны ставяць намётавыя гарадкі ў цэнтры горада. І вось менавіта такім асобам патурае афіцыйная апазіцыя”.

Старшыня Цэнтрвыбаркама лічыць, што псіхічна хворы чалавек не мог арганізаваць такі тэракт. І не выключае, што “вушы” яго растуць з-за мяжы.

Лідзія Ярмошына:
“Мяркую, што людзі, якія дзейнічалі, гэта радыкалісты. Але не выключана, што задумвалі гэтыя дзеянні зусім іншыя мазгі – больш хітрыя і жорсткія. Якія выкарысталі гэтых радыкалістаў у якасці грубай фізічнай сілы з адсутнасцю інтэлекту, міласэрднасці ды іншых чалавечых якасцяў”.

Па яе словах, нават з улікам набліжаючыхся выбараў, улады не пайшлі на арганізацыю такой “рэкламнай” акцыі з мэтай справакаваць сваіх канкурэнтаў. Кажа, для гэтага трэба было б усім кіраўнікам адначасова звар’яцець. А тое, што кіраўнік дзяржавы пайшоў у натоўп, дзе мог адбыцца яшчэ адзін выбух, і целаахоўнікі яго не стрымалі, патлумачыла тым, што ён проста не ведаў, што там насамрэч адбываецца.

Лідзія Ярмошына:
“З таго месца, дзе ён знаходзіўся, нічога не было відаць, толькі чуваць. А што там адбылося, наўрад ці яны валодалі дакладнай інфармацыяй. Гэта магло апынуцца і выбухам нейкай петарды. Нешта адбываецца, нейкае варушэнне, але ўсіх наступстваў і ўсёй небяспекі наўрад ці хто-небудзь мог даць тады разумнае тлумачэнне, ацаніць сітуацыю холадна і цвяроза”.

Старшыня Цэнтрвыбаркама кажа, што беларускі прэзідэнт такі чалавек, якім целаахоўнікі не надта пакіруюць нават у небяспечных сітуацыях. Праўда, гэта ніяк не тлумачыць тое, навошта Аляксандр Лукашэнка захацеў прагуляцца да месца, дзе, магчыма, выбухнула петарда і пачалося “варушэнне” ў натоўпе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі