Ю. Чавусаў: Расійскія выбары – прыклад больш далікатных тэхналогіяў

Вынікі выбараў у Дзярждуму Расіі, на якіх перамагла партыя Уладзіміра Пуціна, выклікае пытанне пра іх уплыў на сітуацыю ў Беларусі. На думку палітолага Юрыя Чавусава, палітычная сітуацыя ў Беларусі ў меншай ступені залежная ад вынікаў выбараў у суседняй краіне:

«Больш цікавы іншы аспект – пытанне прыкладу. Ці з'яўляюцца гэтыя выбары прыкладам таго, як можна дамагчыся тых жа самых мэтаў кантролю за палітычнай сітуацыяй, але з выкарыстаннем больш тонкіх, больш далікатных тэхналогіяў, якія знешне шмат чым нагадваюць нармальны выбарчы працэс?»

У Беларусі таксама можа з'явіцца праўладная партыя, пра яе стварэнне гаворыцца ўжо не першы год. Сёння лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч заявіў, што «стварэнне буйной элітнай палітычнай партыі ў Беларусі непазбежна». І расійскія выбары да гэтага могуць толькі падштурхнуць.

«Белая Русь» - гэта мой канкурэнт і дастаткова сур'ёзны», - кажа Гайдукевіч. Аднак ён не лічыць, што Аляксандр Лукашэнка паспяшаецца ачоліць гэтую партыю (пакуль яшчэ грамадскае аб'яднанне):

«Лукашэнка ў гэтым выпадку – гэта фігура, падабаецца гэта камусьці ці не. А палітычная фігура, якая прайшла такі шлях, будзе выбіраць для сябе па сітуацыі».

Юрый Чавусаў лічыць, што «Белая Русь» - гэта праект не ўсёй уладнай эліты, а толькі некаторых груповак. На яго погляд, яны «спрабуюць зрабіць аблічча беларускай улады больш дэмакратычным»:

«Вось гэтыя групоўкі ўнутры эліты прасоўваюць свой праект, у тым ліку ў выглядзе гэтага грамадскага аб'яднання «Белая Русь». Але ўжо нават з увагі на яго спісавы склад, відаць, што гэты праект яшчэ не перамог, не стаў свядомай палітыкай дзяржаўнай улады.

Гэта проста прапанова: давайце, магчыма, мы зробім такую кіраваную дэмакратыю, як у нашых суседзяў».

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі