Юбілейны фэст у Будславе завяршыўся
Заключныя святкаванні распачаліся напярэдадні апоўначы.
Перад урачыстай святой імшой вернікі, святары і законныя сёстры з запаленымі свечкамі прайшлі каля Нацыянальнага санктуарыя ўрачыстай працэсіяй.
Разам з абразом Маці Божай Будслаўскай святары і вернікі таксама неслі на плячах рэліквіі святой Тэрэзы, якія прыбылі ў Беларусь з нагоды юбілею ў Будслаўскім санктуарыі.
Малітвы і набажэнствы доўжыліся ўсю ноч, у тым ліку — адмысловая праграма для моладзі ў намётавым мястэчку. Таксама цягам ночы і дня вернікі ішлі, каб пакланіцца і памаліцца каля абраза Маці Божай Будслаўскай, а святары спавядалі тысячы чалавек, паведамляе Радыё Свабода.
Аб 11 гадзіне 6 ліпеня распачалася заключная ўрачыстая сьвятая імша. Удзел у ёй прыняў папскі легат Жан-Луі Таран, апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдыё Гуджэроці, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, іншыя беларускія іерархі і святары, прадстаўнікі духавенства з Расіі, Польшчы, Украіны і іншых краінаў, а таксама прадстаўнікі некаторых дыпламатычных місій у Беларусі.
Ад дзяржаўных уладаў Беларусі ўдзел у свяце прыняў старшыня аблвыканкаму Барыс Батура, а міністр культуры Леанід Гуляка зачытаў прывітальнае пасланне ад кіраўніка Беларусі.
Заключная імша завяршылася ўрачыстай працэсіяй каля Будслаўскага санктуарыя, а таксама была пагашаная паштовая марка, якую Белпошта выпусціла да будслаўскага юбілею. Як паведаміў прэсавы сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў ксёндз Юрый Санько, сёлета ўдзел у юбілейных урачыстасцях прынялі каля 30 тысяч вернікаў і каля 300 духоўных асобаў.