Юраў: “Пра спіс неўязных расіян Мядзведзеву абавязкова дакладуць”
Расійскі праваабаронца расказаў, чаму сябраў Савета пры прэзідэнце РФ абурыў факт існавання спісу неўязных расіян, і параіў беларускім памежнікам не расслабляцц
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі стала адной з асноўных тэмаў пятнічнага пасяджэння Савета па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека пры прэзідэнце РФ. Выступіць там з дакладам запрасілі дэпартаванага з Беларусі кіраўніка Міжнароднай назіральніцкай місіі за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Андрэя Юрава.
Як паведаміў Еўрарадыё расійскі праваабаронца, ён падрабязна расказаў сябрам прэзідэнцкага Савета пра Міжнародную назіральніцкую місію, пра тое, чым яна займаецца, якія факты назбіралі. І выступіў з некалькімі прапановамі.
Андрэй Юраў: “Першае — стварыць, як мінімум, працоўную групу, якая б адсочвала сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Патрэбная група ў прэзідэнцкім Савеце, якая б рэгулярна, сістэмна гэтым займалася. Гэта падтрымалі, бо неабходнасць такога відавочная. А другое пытанне тычылася таго, што ў межах як Саюзнай дзяржавы, так і СНД з нейкіх прычынаў няма магчымасці працаваць адвакатам беларускім у Расіі і Ўкраіне, а расійскім і ўкраінскім — у Беларусі”.
Але найбольш увагі — да спісу расіян, якім забаронена знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны.
Андрэй Юраў: “І самае важнае тут, што гэта можа тычыцца неабмежаванага кола асоб. Ніхто не ведае, хто ў гэтых спісах, — яны таемныя і сакрэтныя. Туды ўключаюць людзей без усялякіх працэдур судовых альбо квазісудовых невядомымі органамі на невядомых прававых падставах. Невядома, у выніку якіх дзеянняў людзі там апынаюцца. Там можа апынуцца кожны расіянін, не маючы пра гэта ніякіх звестак. І стаць крымінальным злачынцам, перасякаючы мяжу, якой насамрэч няма”.
Між тым, прадстаўнік беларускага Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных афіцыйна заявіў, што ніякіх “чорных спісаў” расіян няма. Юрава абвінавацілі ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Беларусі, а дэпартацыю расійскага грамадзяніна нібыта ініцыяваў не Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі, а КДБ. Але сам праваабаронца да гэтых заяў ставіцца скептычна.
Андрэй Юраў: “У мяне на руках ёсць дакумент, які называецца “Паведамленне”. І там чорным па белым напісана, што я з 4 сакавіка знаходжуся ў нейкім спісе, прычым “Спіс” — з вялікай літары. І менавіта гэта з’яўляецца маім правапарушэннем: што я, знаходзячыся ў гэтым спісе, не павінен знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, але знаходзіўся. І таму павінен яе пакінуць. Я не палітык і не казачнік. У мяне ёсць дакумент, я яго бачу. Там напісана: у спісах з 4 сакавіка. Усё астатняе прыдумкі”.
У тым, што ўсё сказанае падчас пасяджэння Савета дойдзе да Дзмітрыя Мядзведзева, Юраў не сумняецца.
Андрэй Юраў: “Бо там прысутнічалі людзі з Адміністрацыі прэзідэнта. Да таго ж, я гэта ведаю, пасля пасяджэння ў сябраў Савета была сустрэча з міністрам замежных спраў Лаўровым. І там на 100 адсоткаў тэма Беларусі абмяркоўвалася”.
Праваабаронца папярэдзіў, што будзе абскарджваць пазбаўленне на два гады права ўезду ў Беларусь, і параіў праваахоўным органам на расслабляцца.
Андрэй Юраў: “Няхай на ўсялякі выпадак адсочваюць усе цягнікі, самалёты, аўтобусы, падземныя хады, паветраныя шары — а раптам я ўсё ж да вас наведаюся. Хай гэта робяць з раніцы да ночы, усе свае сілы на гэта трацяць. Да таго ж усе гэтыя рашэнні я буду прававым чынам абскарджваць, і буду распачынаць вялікую інфармацыйную кампанію. Бо я лічу, што гэта прамое парушэнне права на свабоду перамяшчэння”.
Расійскі праваабаронца прадаставіў Еўрарадыё копію дакумента, дзе гаворыцца пра тое, што ён знаходзіцца ў спісе асоб, якім забаронены ўезд і знаходжанне на тэрыторыі Беларусі. Але начальнік упраўлення па грамадзянстве, пашпартнай працы і выездзе за мяжу Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Ігар Ігнатовіч адмовіўся каментаваць факт існавання гэтай паперы. Як і адказваць на пытанні наконт спісу “неўязных расіян”.
Фота: Змітра Лукашука