З Літвы прывезлі карціны пра канец свету
Убачыць жоўтую ядзерную бомбу і прачытаць прароцтвы, што праз паўстагоддзя 98% людзей будуць занятыя ў порна, можна на выставе “Сінхранізацыя”.
Малады літоўскі канцэптуалізм дабраўся да Мінска пад патранажам літоўскай амбасады. Выстава “Сінхранізацыя”адчынілася ў сталічнай галерэі “Ў” у якасці “афтэ-паці” дзён Літвы ў Беларусі. А яшчэ, напэўна, па інерцыі: бо Літва цяпер страршынствуе ў ЕС і актыўнічае як ніколі.
У галерэю прывезлі тых, каго лічаць перспектыўнымі і актуальнымі мастакамі Літвы. Іх чацвёра: Яланта малюе Дэвідаў Лінчаў, Канстанцінас — мыш з усмешкай і з жоўтай ядзернай бомбай, Альгіс выстаўляе бальнічныя насілкі ў колерах сцяга Літвы, а Рымас канструюе шкляны тэтраэдр, у які хітрым чынам праецыруецца відэа.
“Я знаходжу тут шмат агульнага з тым, што я бачу ў маладым мастацтве Беларусі, — кажа Еўрарадыё амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус. — І мяне вельмі радуе, што тыя межы, на якіх нашы грамадзяне праводзяць гадзіны, каб іх перасекчы, у мастацтве не існуюць”.
Агульнае — гэта іронія, увага да сусветных глабальных тэм (СМІ, палітыка)... Але беларускі мастак Міхаіл Гулін перасцерагае, што такія паралелі вельмі ўмоўныя. Таму што гаворка ідзе толькі пра адну маленькую галерэю на 2-х мільённы горад, дзе выстаўляецца такое мастацтва, у той час...
“... Калі перайсці дарогу і трапіць, напрыклад, у Палац Мастацтваў, і паглядзець на выставы там, напрыклад, “Зямля пад белымі крыламі”, і ўбачыць палотны, на якіх людзі жнуць, сеюць, цалуюць штандар, то зразумееш, што нават кропак сутыкнення няма”.
Сапраўды. На выставах, як у Палацы Мастацтваў, яшчэ па-ранейшаму малююць пэндзлем і фарбамі. У сучасным мастацтве гэта мавэтон. Канстанцінас Гайтанжы, напрыклад, малюе на загадзя раздрукаваных постарах, якія ён рыхтуе ў праграме Corel Draw, а тое, што дадае зверху рукой і фарбамі, называе “псіхафізіялагічным” ўпрыгожваннем.
“Я лічу, што самае вялікае пытанне нашага часу — гэта стасункі чалавека і машыны. Можна сказаць, што мы пакрысе робімся кібаргамі і зрастаемся з машынамі,” — тлумачыць Канстанцінас свой стыль.
Рымас Сакалаўскас увогуле лічыць сябе да аўдыёвізуальным дызайнерам, які даведваецца пра ўласцівасць матэрыялаў з “Вікіпедыі” і эксперыментуе з тэхнічнай часткай, ствараючы прыгожыя візуальныя аб’екты, не замарочваючыся наконт нейкай “філасофіі”.
“Я хачу быць шчырым, і ў шмат якіх сваіх працах я зусім не думаю пра сэнс таго, што раблю, — распавядае Рымас. — Мне проста гэта падабаецца, рабіць і эксперыментаваць. Але я адчуваю, што гэта вельмі абмежавана, бо людзі вельмі любяць гісторыі і канцэпцыю, і чакаюць іх ва ўсім, што б ты ні рабіў”.
Погляд на сучаснасць праз прызму маладых літоўскіх мастакоў будзе даступны па гэты бок “жалезнай завесы” (менавіта так літоўскія мастакі назвалі мяжу з Беларуссю) да 12 снежня. Схадзіце, калі ласка, каб пасля ў літоўскую галерэю найсучаснейшага мастацтва “Акропаліс” ездзілася з лёгкай душой.