За пяцігодку экспарт тавараў і паслуг мусіць вырасці больш як у 1,2 раза

За пяцігодку экспарт тавараў і паслуг мусіць вырасці больш як у 1,2 раза

У Беларусі зацверджаная Нацыянальная праграма падтрымкі і развіцця экспарту на 2016-2020 гады і дарожная карта мерапрыемстваў па яе рэалізацыі. Гэта прадугледжвае пастанова Савета міністраў №604 ад 1 жнiўня 2016 года.

Як інфармуе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу ўраду, у праграме вызначаюцца канкрэтныя меры падтрымкі экспарту, мэта якіх — дыверсіфікаваць і нарасціць аб'ёмы экспарту.

Асноўнымі задачамі праграмы называюцца дыверсіфікацыя гандлёва-эканамічных сувязяў з рознымі краінамі і рэгіёнамі пры захаванні і ўзмацненні пазіцый на традыцыйных рынках; аптымізацыя заканадаўства ў сферы падтрымкі экспарту з улікам сусветнай практыкі і функцыянавання беларускай мадэлі эканомікі; ўдасканаленне падыходаў да працы з малым і сярэднім прадпрымальніцтвам па экспартнай тэматыцы; стымуляванне вытворцаў тавараў і паслуг да пашырэння таварнай наменклатуры і відаў аказваемых паслуг.

Плануецца, што выкананне Нацыянальнай праграмы дазволіць за пяцігодку павялічыць экспарт тавараў і паслуг у 1,21-1,25 раза. У выніку тэмпы росту экспарту павінны перавысіць імпарт. А на экспарт пойдзе не менш за 65% вырабленай прамысловай прадукцыі. Запланаваны рост удзельнай вагі экспарту тавараў на новыя перспектыўныя рынкі ў агульным аб'ёме экспарту тавараў з 5,8% у 2015 годзе да 10% у 2020 годзе. Удзельная вага экспарту паслуг у агульным аб'ёме экспарту тавараў і паслуг павінна вырасці да 25% у 2020 годзе (з 20,3% у 2015 годзе).

Беларусь плануе працягваць развіваць інтэграцыю ў ЕАЭС. Разам з тым працягнецца і праца па ўваходжанні нашай краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Мяркуецца пашыраць шматбаковае супрацоўніцтва з краінамі ЕС і ЗША, а таксама развівваць гандлёва-эканамічныя сувязі з дзяржавамі Паўднёва-Усходняй Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі ды Лацінскай Амерыкі.

Каардынатарам праграмы прызначылі Міністэрства замежных спраў. Выканаўцамі яе будуць рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання ды іншыя дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду, а таксама мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі