Замест АЭС і газу? Здзейснены прарыў у даследаванні тэрмаядзернага сінтэзу
Амерыканскія навукоўцы ўпершыню атрымалі ад тэрмаядзернага сінтэзу больш энергіі, чым выдаткавалі на яго / PHILIP SALTONSTALL
Амерыканскія навукоўцы заявілі, што дасягнулі прарыву ў працы над тэхналогіяй, якая дасць чалавецтву практычна невычэрпную крыніцу экалагічна чыстай энергіі, піша ВВС. Аўтары эксперымента — навукоўцы з Ліверморскай нацыянальнай лабараторыі ім. Э. Лоўрэнса ў Каліфорніі.
Праўда, да моманту, калі тэрмаядзерныя рэактары змогуць вырабляць энергію для спажыўцоў, яшчэ далёка. Энергіі, якую атрымалі ў выніку эксперымента, хопіць толькі на тое, каб закіпяціць 10-15 чайнікаў вады. А выдаткавалі на гэты эксперымент 3,5 млрд долараў.
На падрыхтоўку аднаго такога эксперымента патрэбны цэлы дзень. А калі мы хочам дамагчыся з'яўлення электрастанцый, заснаваных на тэрмаядзерным сінтэзе, такія эксперыменты трэба праводзіць кожную секунду, цытуе ВВС прафесара Імперскага каледжа Лондана Джэрэмі Чытэндэна.
Аднак прафесар зазначае, што гэты эксперымент даказаў: тэрмаядзерны сінтэз можа быць дасягнуты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.