Заробак даяркі ў беларускім калгасе — 82 рублі
Заробак даяркі ў гаспадарцы "Сельцы", што ў Глубокскім раёне Віцебскай вобласці, — 82 рублі. Па курсе Нацбанка гэта $42,8. Столькі жанчына атрымала за кастрычнік, працуючы без выходных. Разліковы лісток апублікаваў у сацсетках яе абураны сын.
Пасля ўсіх вылічэнняў даярка ўвогуле артымала на рукі 32 рублі 26 капеек. Яшчэ частку заробку — 11 рублёў 71 капейку — яна ўзяла кансервамі "Браслаўрыба". На гэта жанчына мусіць неяк пражыць месяц.
У ААТ "Сельцы" Еўрарадыё пацвердзілі: усе лічбы ў разліковым лістку сапраўдныя. "Фонд аплаты труда — гэта 25% ад выручкі гаспадаркі. Прадукцыя ў нас — малако, мяса. У кастрычніку мы рэалізацыю прадукцыі зменшылі. Адпаведна, зменшыўся і заробак нашых работнікаў", — растлумачлі ў гаспадарцы.
У сярэднім заробак за кастрычнік у ААТ "Сельцы" склаў блізу 100 рублёў. Ён будзе крыху павялічаны, бо бухгалтэрыя гаспадаркі "недзе памылілася з выручкай" і зрабіла пераразлік. Прыкладна за такія грошы работнікі "Сельцаў" будуць жыць да сярэдзіны вясны, калі ў сельскай гаспадарцы пачнецца сезон.
Даярка, разліковы лісток якой трапіў у інтэрнэт, нарадзіла пяцярых дзяцей, паведамляе сайт westki.info. Двое старэйшых сыноў маюць свае сем’і. Трэці сын, які і распавёў пра заробак маці, неўзабаве пойдзе ў войска. Ёсць яшчэ дзве дачкі: адна — студэнтка, другая — школьніца.
10 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка хваліўся расійскім журналістам, што даярка ў Беларусі атрымлівае $600. 7 гадоў таму кіраўнік краіны казаў, што ў сезон даярка атрымлівае да $1000. 5 гадоў таму рыторыка змянілася на супрацьлеглую: у лістападзе 2011 года Лукашэнка заявіў, што грошай, якія атрымлівае даярка, не хапае нават на малако ў краме. З тых часоў кіраўнік Беларусі пра заробкі даярак публічна не выказваўся.