Заснавальніка клуба "Цмокi-Мiнск" асудзілі на 5,5 года калоніі

Заснавальніка клуба "Цмокi-Мiнск" асудзілі на 5,5 года калоніі

Былога гендырэктара і заснавальніка баскетбольнага клуба "Цмокi-Мiнск" Канстанціна Шараверу асудзілі на 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі. Такі прысуд вынес Маскоўскі раённы суд Мінска.

Як удакладняе tut.by, пракурор прасіў прызначыць абвінавачанаму шэсць гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Мужчына знаходзіцца за кратамі з красавіка 2014 года. Экс-кіраўніка баскетбольнага клуба абвінавачвалі ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры. Абвінавачанне ацаніла шкоду, нанесеную дзеяннямі Шараверы, у больш як 7 мільярдаў недэмінаваных рублёў.

На думку абвінавачання, Шаравера дапісваў да кантрактаў гульцоў сумы большыя за тыя, пра якія дамаўляўся з баскетбалістамі, прасіў гульцоў аддаваць яму карткі. Менеджар здымаў грошы, а потым аддаваў іх бухгалтару са спісам, у якім пазначалася, колькі трэба выплаціць гульцу. Рэшту грошай Шаравера нібыта забіраў сабе. На гэтыя грошы ён аплочваў візы, пражыванне і прыём легіянераў, а таксама іншыя клубныя патрэбы.

Сам Шаравера кажа, што агульную касу стварыў пасля абмеркавання з гульцамі і яна выконвала ролю стабілізацыйнага фонду. Абвінавачванне лічыць, што большую частку выдаткаў можна было афіцыйна аформіць легальна праз бухгалтэрыю. А большую частку грошай Шаравера, па версіі абвінавачання, забраў сабе.

Таксама на судзе распавядалася, як Шаравера адсвяткаваў свой дзень нараджэння пад выглядам семінара на грошы, выдзеленыя Нацыянальным Алімпійскім камітэтам.

На думку пракурора, віна Шараверы была на судзе цалкам даказаная па ўсіх матэрыялах справы.

Сам жа падсудны ў сваім апошнім слове заявіў, што дапускаў парушэнні, але рабіў гэта для карысці клуба, а не дзеля ўласных мэтаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі