Заўтра пачнуць адбываць пакаранне асуджаныя удзельнікі Плошчы
Заўтра ўступаюць у законную сілу прысуды асуджаным удзельнікам акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня Зміцеру Новіку і Аляксандру Малчанаву.
Іх абвінавацілі ў масавых беспарадках і пакаралі пазбаўленьнем волі на тры з паловай і тры гады адпаведна.
Паколькі яны прынялі рашэнне не падаваць касацыйныя скаргі, 12 сакавіка завяршаецца 10-дзённы тэрмін для абскарджвання прысудаў. Папярэдне вядома, што Зміцера Новіка накіруюць для адбывання пакарання ў папраўчую калонію "Віцьба-3", а Малчанава – у Бабруйскую калонію.
Аляксандр Атрошчанкаў, якога 2 сакавіка асуділі на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, падаў касацыйную скаргу і чакае даты яе разгляду ў судзе.
Раней абскардзіў рашэнне суда яшчэ адзін асуджаны за ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў. Судом Фрунзенскага раёна Мінску ён быў асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Зараз Парфянкоў таксама чакае судовага рашэння. Па звестках праваабаронцаў, яго мусяць накіраваць ў калонію ў Оршы, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".