"Збіццё" спецназа абыйдзецца Брэўсу і Гапонаву ў 21 мільён (онлайн з суда)
Расіяне Дзмітрый Мядзведзь былі вызваленыя з залы суда.
20.00 Суд Маскоўскага раёна Мінска прызнаў расіян Арцёма Брэўса і Івана Гапонава вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня. Але яны атрымалі штраф па 300 базавых (каля 10,5 мільёнаў рублёў) і былі вызваленыя ў зале суда.
Дзмітрый Мядзведзь атрымаў 3 гады абмежавання волі.
Нагадаем, у часе сённяшняга пасяджэння дзяржабвінаваўца заявіў, што Гапонаў і Брэус "прымалі актыўны ўдзел у масавых беспарадках". "Яны дзейнічалі ў складзе бясчыннага натоўпу, неаднаразова спрабавалі прарвацца да Дому ўрада".Галоўны ж эпізод абвінавачання — нанясенне пабояў 15 байцам спецназу МУС. Пацярпелыя міліцыянты факт збіцця пацвердзілі ў зале суда.
Аднак прадстаўнік пракуратуры палічыў магчымым змякчыць пакаранне абвінавачаным грамадзянам Расіі. Ён заявіў, што "абцяжарвальных акалічнасцяў не ўгледжваю, а ў якасці змякчальных прашу суд разгледзець тое, што пацярпелыя супрацоўнікі спецназа не маюць да іх прэтэнзій".
З улікам маладосці падсудных дзяржабвінаваўца прапанаваў накласці на кожнага фігуранта справы штраф у памеры 500 базавых велічынь — па 17,5 млн рублёў. Суд "скінуў" па 7 млн.
І хоць Арцём Брэус і Іван Гапонаў так і не прызналі сваёй віны, наўрад ці яны будуць абскарджваць гэты прысуд.
16.54. Пракурор лічыць, што абвінавачванні знайшлі пацверджанне. Аднак, улічваючы адсутнасць абцяжарвальных абставінаў і цяжкіх наступстваў, а таксама малады ўзрост абвінавачваных, просіць прызначыць пакаранне ў выглядзе штрафа. Па 500 базавых велічыняў кожнаму.
16.45. Суддзя адмовіла адвакатам даць час для падрыхтоўкі да судовых спрэчак. Нягледзячы на тое, што сёння былі дапытаныя 15 пацярпелых, паказанні якіх вымагалі аналізу.
16:12. Допыт 15-га пацярпелага амапаўца Івашка. Ён кажа, што яго ўдарылі ў спіну. Аднак у экспертызе гаворыцца пра ўдары па галаве.
16:07. Допыт 14-га пацярпелага амапаўца Масальскага. Ён кажа: "Людзі называлі нас прыхвасьнямі рэжыму", паведамляе Радыё Свабода.
Cпецназаўцы, якія пацярпелі 19 снежня
15:50. Карэспандэнта "Нашай Нівы" вывелі без тлумачэння прычын з залы суда, праверылі тэлефон, і забаранілі вяртацца ў залу суда па рэчы.
15:43. Пачаўся допыт Яўгена Сакача, спецназавец, 27 гадоў.
15:23. Наступны пацярпелы - Палавінкін Андрэй, 1984 г.г., сярэдняя адукацыя, спецназавец ПМСП Мінгарвыканкама.
Ён быў на Плошчы ў якасці "ціхара", кажа, што зброі ў дэманстрантаў не бачыў. Распавядае, што пакуль працавала мабільная сувязь, ён мог хахаваць ананімнасць, а калі мабільнікі перасталі лавіць сігнал, ён стіаў карыстацца рацыяй. Тады яго раскрылі і пачалі біць. Ён атрымаў розныя траўмы.
15:21. Наступны спецназавец расказвае, што чуў пагрозы у свой адрас - "Бі міліцынераў". Пасля гэтых пагроз з натоўпу выбег 60 гадовы мужчына і атакаваў яго вогнетушыцелем. Таксама кажа, што не праходзіў судмедэкспертызы, хоць пракурор далучыў яе да справы. Брэуса і Гапонава ён бачыць першы раз.
15:16. Пачаўся допыт Івана Волкава, 1982 г.н., спецназавец, адукацыя вышэйшая.
Паказанні спецназаўцаў сталі падобныя адзін на другое, і суддзя і пракурор задаюць ім усё меней пытанняў.
15:00. Пачаўся допыт Дзмітрыя Лявіцкага. Ён кіроўца спецназа ПМСП, 1972 г.н. адукацыя сярэдняя.
Лявіцкі кажа, што дэманстрант адабраў ў яго шчыт і ударыў шчытом у зуб Лявіцкаму. Кажа, што дэманстранты хавалі твары за шапкамі і шарфамі, і таму нікога ён не запомніў. Ён кажа, што дэманстранты маглі спакойна сысці з Плошчы, іх не затрымлівалі. Яму запярэчыў Брэус, бо яго затрымалі пры спробе зрабіць гэта.
Караваеў кажа, што яго ўдарылі па галаве, пасля чаго ў яго з'явіўся шум у вушах. Зброі ў дэманстрантаў таксама не бачыў, толькі драўляныя палкі.
На паседжанні пра Брэуса і Гапонава ўсе забыліся. Ім ніхто не задае пытанняў.
Караваеў кажа, што ў шпіталі ў яго быў адзін агляд, пасля якога яму напісалі ў дыягназе "тое, што трэба".
14:41. Пачаўся допыт пацярпелага Эдуарда Караваева.
14:29. Пачаўся допыт пацярпелага Юрыя Далідовіча, камандзір узвода ПМСП.
Далідовіч кажа, што бачыў як у спецназ нехта кінуў металічную урну, бачыў, як некалькіх спецназаўцаў выцягнулі з шэрагаў і пабілі. Самому Далідовічу дасталася па зубах, але іх не выбілі.
Спецназавец таксама наракае на фотакарэспандэнтаў - маўляў яны ўспышкамі яго асляпілі і ён некалькі хвілін не мог бачыць.
Далідовіч заявіў, што спецназу супрацьстаялі моцныя мужчыны ў дублёнках. Кажа, што такіх дэманстрантаў было 6 тыс. На пытанне, чаму гэтыя 6 тыс. не размялі спецназ, адказаў, што не ведае, і паціснуў плячыма.
14:27. Кашталянаў Брэуса і Гапонава на плошчы не бачыў. Таксама не ведае, хто іх затрымліваў. Аднак даў вызначэнне тэрміну "бесчынствуюшчая талпа", ён лічыць, што гэта маса людзей, якія арганізавана парушаюць закон, здзяйсняюць супрацьпраўныя дзеянні.
14:07. Пачынаецца допыт пацярпелага Кашталянава Аляксандра - ён намеснік камандзіра мінскага ППСП (даваў паказанні супраць Мядзведзя). Даючы паказанні, хвалюецца, але расказвае аб "бясчынствуюшчай талпе", ударах па шчытах міліцыянерам. У паказаннях не блытаецца.
Кашталянаў расказвае, што дэманстранты закідвалі спецнах вудачкамі і пластыкавымі бутэлькамі. Таксама кажа, што супраць спецназа выкарыстоўвалі вогнетушыцелі. Самому Кашталянаву моцна ўдарылі па назе.
Адвакаты задалі яму пытанне, што ён бачыў на плошчы. Ён у адказ заявіў, што бачыў тое ж, што паказалі ў фільме «Плошча».
13:59. Перапынак скончыўся. У залу зайшлі яшчэ 10 пабітых спецназаўцаў. Ім нават не хапіла месца на дадатковых лавах - адзін сядзіць на крэсле. прынесеным сакратаркай.
12.36. Абвешчаны перапынак да 14 гадзінаў.
12.17. Дапытваюць спецназаўца Ігара Дзянкевіча, 1981 года нараджэння, мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, служыць у палку міліцыі спецыяльнага прызначэння ГУУС Мінгарвыканкама. Кажа,што "праз яго" людзі спрабавалі прарвацца 4 разы. Ён бачыў перад сабой чалавека ў міліцэйскай форме, які прасіў іх сыйсці, "каб яны маглі спакойна прайсці".
Спецназавец кажа, што яго білі "палкамі па нагах і па шчытах". Сведчыць, што перад імі былі 4-5 чалавек, якія "дзейнічалі дастаткова арганізавана". Адзін з мужчын ужыў супраць яго... агнетушыльнік.
Медычную дапамогу Дзянкевіч атрымаў у шпіталі МУС, але на бальнічны ён не пайшоў.
Абвінавачваных ён таксама не ведае.
12.05. Пачаўся допыт пацярпелага Комара, 1970 года нараджэння, мае сярэднюю адукацыю, служыць у спецназе ГУУС Мінгарвыканкама.
Расказвае, што да Дома ўраду выйшлі з Савецкай вуліцы. Нічога не бачыў, бо "глядзеў пад ногі". Кажа, што стаяў спінай да цэнтральнага ўваходу, білі па шчытах рукамі і нагамі. "Мяне схапілі за камізэльку, ударылі па патыліцы, яшчэ быў удар па калене", — расказвае Комар.
Паводле яго слоў, былі дзве спробы прарвацца да будынка, але, кажа, людзі "не вельмі актыўна спрабавалі прарывацца".
11.43. Дапытваюць наступнага пацярпелага — Аляксандра Кудраўца, 1979 года нараджэння, мае сярэднеспецыяльную адукацыю, служыць у спецпалку ГУУС Мінгарвыканкама. Папрасіў зачытаць яго паказанні, бо "дадаць яму няма чаго". Але пракурор пачаў допыт.
Кудравец хацеў распавесці, як чуў з боку дэманстрантаў "нецэнзурную лексіку", але пракурор яго перабіў, спытаў, адкуль і куды яны перасоўваліся 19-га вечарам. Спецназавец сказаў, што яго хапалі за шчыт, штурхалі, што некалькі разоў спрабавалі прарваць ачапленне.
Паводле слоў Кудраўца, на яго напалі "арганізавана" 4 чалавекі, якія мелі ў руках, нібыта, жалезную трубу. Яны нанеслі яму ўдар па назе вышэй за калена, білі па руках і ў сківіцу, білі па шлеме, па шчыце. Але людзей гэтых ён не запомніў. Наагул, кажа, далей нічога не памятае, бо ў яго быў балявы шок і ён "ледзьве ішоў". Пракурор знайшоў супярэчнасці ў паказаннях (наконт удараў і яго стану) і просіць зачытаць ранейшыя паказанні. Суддзя іх зачытвае. У іх спецназавец кажа, што на плошчы не адчуваў болю. Кудравец патлумачыў, што шок быў ад колькасці ўдараў. Ён каля 10 дзён правёў на бальнічным.
Кудравец паведаміў, што не бачыў ні рыдлёвак, ні сякеры, толькі металічныя палкі. Абарона знайшла супярэчнасць: паводле дакументаў, ён быў на бальнічным 6 дзён, а сказаў — 10.
Спецназавец сказаў, што раней не бачыў абвінавачаных.
11.42. Паводле Скарахода, ён знаходзіўся каля цэнтральнага ўваходу і "каля 100 чалавек увесь час і неаднаразова спрабавалі прарвацца да ўваходу, але ў іх не выйшла".
11.33. Скараход кажа, што мог бы пазнаць дэманстрантаў з першых шэрагаў, але абвінавачаных там не бачыў.
Спецназавец тлумачыць, што людзі, якія сарвалі з яго шлем, мелі 30-40 гадоў, зброі яны не мелі. Удары наносіліся пераважна рукамі, нагамі і драўлянымі дрэўкамі ад сцягоў.
Адказваючы на пытанне адваката, Скараход не змог прыгадаць прозвішча следчага, які яго дапытваў, не адразу сказаў, дзе гэта адбылося.
Абарона звярнула ўвагу на супярэчнасць у паказаннях спецназаўца наконт яго знаходжання каля Дома ўраду: то справага боку, то каля цэнтральнага ўваходу. Суддзя папрасіла абарону задаваць "больш канкрэтныя пытанні".
11.30. Спецназавец распавёў, што па медыцынскую дапамогу ён звярнуўся ў шпіталь МУС у гадзіну начы. У яго былі два сінякі на галаве і гематома правага пляча. Скараход на працягу тыдня знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі, цяпер у яго "праблемаў са здароўем няма".
11.20. Наступнага дапытваюць Дзмітрыя Скарахода, 1975 года нараджэння, мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, служыць у спецназе ГУУС Мінгарвыканкама. Распавядае пра тое, што рабілі 19 снежня, пра перадыслакацыю падраздзялення на вуліцу Берсана. Загад высунуцца да Дома ўраду атрымалі каля 23-й гадзіны. Далей была задача рассекчы натоўп ад кута Дома ўраду да помніка Леніну.
Ён кажа, што калі яны сталі ланцугом, шкло "ўжло білася", яны паварочвалі галовы і бачылі гэта, кажа Скараход. Паводле яго словаў, першыя дзве шарэнгі дэманстрантаў наносілі ўдары рукамі і нагамі ў шчыты і шлемы, а таксама дрэўкамі па шчытах. Таксама ён кажа, што людзі "нецэнзурна лаяліся і спрабавалі прарваць ланцуг".
Скараход кажа, што недалёка ад яго ланцуг быў прарваны. "Мяне выцягнулі за шчыт у натоўп і адразу збілі з ног. Думаю, што быў удар па нагах ці ў корпус. Упаў і ўжо на зямлі калі быў, з мяне сарвалі шлем і нанеслі 2-3 удары па галаве", — распавёў спецназавец. Паводле яго словаў, яго калегі закрылі прарыў у ланцугу, адцяснілі натоўп і ён "змог вярнуцца назад". Далей ён "устаў на ногі і працягнуў выконваць свае абавязкі".
Скараход кажа, што пасля прыйшоў загад рассекчы натоўп на дзве часткі: адна засталася каля Дома ўраду, другую пачалі выцясняць да гасцініцы "Мінск".
11.10. Булавацкі распавёў, што яму разбілі губу і разарвалі "уздечку верхней губы". Гэта ўсе пашкоджанні, якія ён атрымаў. Адразу ж ён звярнуўся да лекара, той сказаў, што ўсё нармальна. І спецназавец на бальнічным не быў. Праўда, дні 3-4 меў "непрыемныя адчуванні".
Хто сарваў шлем, ён не памятае, бо гэта "адбылося хутка". "У нас паляцелі прадметы і мы галовы прыкрывалі шчытамі", — кажа ён. Паводле экспертызы, пашкоджанні Булавацкі атрымаў "ад аднаго ўдара тупым прадметам".
11.03. Допыт спецназаўца пачала абарона. Булавацкі зноў паўтарыў, што супраціўленне ім аказвалі, білі па касках і шчытах. Супраціўленне аказвалі каля цэнтральнага ўваходу ў будынак. Цялесныя пашкоджанні ён атрымаў спачатку з правага крыла Дома ўраду. Назваць дакладны час, калі спецназ пайшоў да Дома ўраду назваць не змог, хаця падчас следства называў. Таму адвакат просіць агучыць пратакол допыту.
10.53. Пачаўся допыт пацярпелага — Дзяніса Булавацкага, 1984 года нараджэння, мае сярэднюю адукацыю, супрацоўнік спецназа ГУУС Мінгарвыканкама. "Прыехаў на базу ў дзве гадзіны дня. Селі на транспарт і да 4 гадзінаў паехалі за Палац Рэспублікі. Гадзінаў у 8 вечара ці ў палову на 9-ю сказалі па рацыі, што ёсць пагроза руху да Дома ўраду", — распавядае Булавайцкі. Паводле яго слоў, яны паехалі на вуліцу Берсана, за Чырвоны касцёл. У пачатку 10-й вечара яны пайшлі да Дома ўраду, дзе пачулі, як "громят здание".
Спецназавец распавёў, што на ім было абмундзіраванне, ён меў шлем, бронекамізэльку, шчыт, падку, абарончыя накладкі на рукі і ногі. "У момант руху ў нас кідалі прадметы... не ведаю, што гэта было, але яны былі не вельмі вялікія. Мы сталі ў ланцуг, нам адразу сталі аказваць сілавое супраціўленне: білі рукамі, нагамі, сарвалі каску. Натоўп дзейнічаў агрэсіўна. У натоўп зацягнулі аднаго супрацоўніка, я бачыў, як яго выцягвалі, сарвалі каску. Нанеслі яму 3-4 удары па галаве", — распавядае Булавацкі.
Спецназавец кажа, што чуў лозунгі "Бі АМАП!". "Па іх дзеянням я магу сказаць толькі, што яны былі супраць кіраўніка дзяржавы. Крычалі: "Далоў уладу!", — кажа Булавацкі.
Спецназавец кажа, што не бачыў, каб яму наносілі ўдары прадментамі. Але пасля "зачысткі" плошчы прадметы, такія, як рыдлёўкі, былі знойдзеныя. Кажа, што прэтэнзій да абвінавачваных у яго няма, ён іх не ведае.
10.44. Гапонаў кажа, што падпалаў не бачыў, не бачыў і знішчэння маёмасці. Не бачыў ён і зброі ў руках людзей. "Бутэлек, ледарубаў, сякер, трубак металічных не бачыў. У руках таксама не меў ніякіх прадметаў", — кажа ён.
10.37. Пракурор кажа, што паказанні Гапонава ў судзе разыходзяцца з паказаннямі на працягу следства. Зараз будуць зачытваць пратакол допыту. Паводле яго, Гапонаў казаў, што з выступу кандыдатаў у прэзідэнты даведаўся, што будзе збор: "Лічу, што краінай павінен кіраваць іншы чалавек, таму прыйшоў на плошчу". Пракурор: "На следзтве вы сказалі, што прыйшлі выказаць грамадзянскую пазіцыю, а зараз кажаце, што з цікаўнасці". Гапонаў гаворыць, што ўсё ж прыйшоў з цікаўнасці.
10:31. Пачаўся допыт Івана Гапонава. Яму задаюцца практычна тыя самыя пытанні. Гапонаў кажа, што не спрабаваў прарваць ачапленне і не наносіў удары.
10:25. Брэус кажа, што яму цікава было пабываць там і паглядзець. Ён не бачыў падпалаў. Таксама Брэус распавёў, што атрымаў удар па галаве, знаходзячыся ў першых радах натоўпа. Пасля яго адцягнулі ўглыб. Калі ён прыйшоў у прытомнасць, то сядзеў на прыступках Дома ўраду. Да яго падыйшоў хлопец, які даў яму хустку, каб прыкласці да раны.
Падняўся, хацеў пакінуць плошчу, але пабачыў, што знаходзіцца ў коле ачаплення. Брэус тады падыйшоў да супрацоўнікаў міліцыі, каб сыйсці, у адказ атрымаў яшчэ адзін удар па галаве і быў затрыманы.
"Мне было кепска, па дарозе аказалі медыцынскую дапамогу, бо людзі прасілі за мяне", — кажа Брэус. Паводле яго слоў, былі асобныя людзі, якія атакавалі супрацоўнікаў міліцыі.
10:21. Брэус кажа, што быў у 50 метрах ад Дома ўраду, з боку касцёла. Калі падыйшоў да Дома ўраду, тады ўжо не білі шкло і адразу з'явіліся спецназаўцы.
На пытанне пракурора адказаў, што не бачыў палак і рыдлёвак. Таксама не бачыў, каб нехта біў супрацоўнікаў міліцыі. Кажа, што сам удараў не наносіў і не спрабаваў прарвацца праз шэрагі супрацоўнікаў міліцыі ў будынак.
10:19. Пачаўся допыт Арцёма Брэуса. Ён нават не ведае, як называецца плошча каля Палаца рэспублікі. Распавядае, што там адбывалася.
10.15. У судзе Маскоўскага раёна аднавіўся судовы працэс па справе Арцёма Брэуса і Івана Гапонава. Cуд пастанавіў прыцягнуць 15 спецназаўцаў як пацярпелых. З іх прысутнічаюць пяцёра — Булавацкі, Скараход, Кудравец, Дзянкевіч і Комар, астатнія не прыйшлі, але яны будуць з'яўляцца на працягу следзтва.
Суддзя запытала ці зразумелі яны (спецназаўцы) свае правы. Тыя моўчкі кіўнулі. Суддзя кажа, вы адказваеце у слых, а не ківайце.
***
Назіральнікі ацэняць, наколькі судовыя працэсы адпавядаюць нацыянальнаму заканадаўству і нормам справядлівага судовага разбору, што ўтрымліваюцца ў дакументах АБСЕ і юрыдычна абавязковых міжнародных пагадненнях. Па выніках маніторынгу бюро апублікуе справаздачу.
Суд над Дзмітрыем Мядзведзем, які абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках, пачаўся 1 сакавіка, але быў перанесены паводле просьбы адваката ў сувязі з перавыстаўленнем абвінавачання. Паводле ўдакладненай версіі абвінавачання, Мядзведзь нібыта аказваў узброенае супраціўленне супрацоўнікам міліцыі.
З-за аналагічнай прычыны быў зроблены перапынак у судзе над Арцёмам Брэусам і Іванам Гапонавым. Расіяне абвінавачваюцца ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках, што суправаджаліся пагромамі, ва ўзброеным супраціўленні прадстаўнікам улады і у нанясенні пашкоджанняў супрацоўнікам міліцыі. Працэс над імі пачаўся 22 лютага.
1 сакавіка дзяржабвінавачанне падало спіс з 15 пацярпелых міліцыянераў, якія нібыта былі збіты дэманстрантамі, у тым ліку Брэусам і Гапонавым. У сувязі са з'яўленнем новых матэрыялаў адвакаты абвінавачаных папрасілі зрабіць у працэсе перапынак, паведамляе БелаПАН.