Жыхары Херсона: "Мы тут перажылі ўсё: і акупацыю, і дэакупацыю, і абстрэлы"
Праукраінскі мітынг у акупаваным Херсоне, сакавік, 2022
Херсон — адзіны абласны цэнтр, які ўдалося захапіць расійскаму войску з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Але гэтая "перамога" была часовая. Крыху больш за год таму, 11 лістапада, украінская армія вызваліла горад пасля доўгіх 9 месяцаў акупацыі.
Увесь гэты час тут заставаліся многія мясцовыя жыхары. Хтосьці стаў валанцёрам, хтосьці дапамагаў перасяленцам, а хтосьці станавіўся партызанам. Кожны з гэтых людзей набліжаў вызваленне горада як мог. "Новости Донбасса" сабралі іх гісторыі.
Супраціўленне
24 лютага расійская вайсковая тэхніка перасекла кантрольна-прапускны пункт паміж анексаваным Крымам і Херсонскай вобласцю. Расійскія акупанты захоплівалі населеныя пункты адзін за адным.
1 сакавіка танкі РФ заехалі ў Херсон і праз некалькі дзён над будынкам абласной адміністрацыі з'явіўся расійскі трыкалор. Але горад не здаўся і адказаў спачатку шматтысячнымі акцыямі пратэсту, а затым партызанскім рухам супраціву.
Адзін з яго ўдзельнікаў — Уладзіслаў Недаступ. Да поўнамаштабнай вайны ён працаваў у сферы продажу аўтазапчастак. У першы дзень ўварвання расійскай арміі ўступіў у шэрагі тэрытарыяльнай абароны.
Патрапіўшы ў акружэнне, 1 сакавіка, усе байцы атрымалі загад рассеяцца па горадзе. Пазней ён успамінаў, што кожны ва ўмовах акупацыі выжываў як мог — схавалі зброю і адыгрывалі ролю грамадзянскіх.
"Самы першы дзень быў сапраўды страшным у тым плане, ты не разумееш, што адбываецца. Ты бачыш неахопны наступ на тваю краіну. Гэта вельмі страшная рэч, калі ў твой горад заходзіць армія іншай дзяржавы. А тут яшчэ не проста іншая дзяржава, расійская армія. І ты разумееш, што з'ехаць не можаш, бегчы не можаш. Тое, што Херсон так хутка акупуюць вядома ніхто не мог уявіць", — кажа Уладзіслаў.
Прайсці расійскія блокпасты і застацца ў жывых не было ніякіх шанцаў. Спісы ўдзельнікаў тэрабароны трапілі ў рукі акупантаў. У кватэру Уладзіслава двойчы з ператрусамі ўрываліся расіяне — як вайскоўцы, так і фсбшнікі, прыхапіўшы з сабой усё, што маглі панесці.
Сам ён хаваўся, пастаянна змяняючы месца дыслакацыі ўнутры горада. Увесь гэты час акупанты вялі паляванне на вайскоўцаў, партызан, валанцёраў і па-праўкраінску настроеных жыхароў.
"Ніколі не забуду гэтыя моманты ўранку. Менавіта пад раніцу яны заўсёды пачыналі ператрусы. Цішыня, чую — балгарка працуе, нешта выбіваюць. Часам людзей з мяшкамі на галаве выводзілі. Я тройчы знаходзіўся ў доме, дзе праходзілі ператрусы. Двойчы гэта адбывалася ў суседнім пад'ездзе. Спецыфічныя адчуванні", — успамінае Уладзіслаў.
Усе 9 месяцаў акупацыі Уладзіслаў быў у падполлі. Арганізаваў сетку інфарматараў і карэктоўшчыкаў. Усе звесткі перадаваў украінскай выведцы.
"Задаеш сабе пытанне — чым ты можаш быць карысны. Гэта абмен інфармацыяй. Тут і ў сценаў ёсць вочы. Яны жылі ў адным горадзе з намі. У нашым горадзе. На іх глядзела ўсё. Улічваючы, што вы прыйшлі сюды, захапілі горад і паламалі жыццё абсалютна кожнаму, не здзіўляйцеся, што кожны будзе змагацца супраць вас", — Уладзіслаў Недаступ.
Іншага херсонца, Алега Дэгусарава, пачатак поўнамаштабнай вайны заспеў у Еўропе.
"Працаваў на "Самсунгу", на заводзе. Я, бацька і брат у Венгрыі, мама і тры сястры былі ў Херсоне. Вырашыў, што трэба выязджаць. Забраў з консульства свой пашпарт і ўжо 28 лютага прыехаў ва Украіну", — успамінае Алег.
Спачатку Алег спыніўся ў адным з манастыроў Львова. Дапамагаў эвакуявацца за мяжу тым, хто збег з зоны баявых дзеянняў. 15 сакавіка здолеў заехаць ва ўжо захоплены Херсон.
Атрымаўшы вопыт праходжання расійскіх блокпастоў, ён працягнуў эвакуацыю — вывозіў мірных жыхароў з роднага горада. З'яўляючыся студэнтам духоўнай семінарыі, Алег вырашыў скарыстацца гэтым для перасячэння лініі фронту ў абодва бакі.
"Надзеў падраснік, наляпіў знак Чырвонага Крыжа на лабавым шкле. Думаў, усе мы праваслаўныя і так будзе прасцей выконваць усе гэтыя місіі. Гэта ратавала 100%. Калі ехалі калонай у тры машыны, таварыша затрымалі на блокпосце. Яго распранулі, не адпускалі, хацелі машыну забраць. Я падышоў — "пабойцеся бога, мы тут жанчын і дзяцей вывозім". І адпусцілі", — расказвае Алег Дэгусараў.
Усе дарогі, даступныя для выезду, абстрэльваліся расіянамі. На пунктах пропуску акупанты праводзілі "фільтрацыю". На адным з самых жорсткіх блокпастоў Херсона, пры ўездзе ў мікрараён Востраў, Алега затрымалі захопнікі.
"Мяне дапытвалі супрацоўнікі ФСБ. У гэтыя моманты страшна, бо не ведаеш, чаго чакаць. Калі забіралі, маме сказалі ўслед: "Можаце яго не чакаць, ён цяпер на 7 гадоў у Саратаў або Сызрань паедзе". Патрымалі гадзіну і адпусцілі", — успамінае Дэгусараў.
У жніўні, калі расійскія акупанты ўжо вялі паляванне на актывістаў, валанцёраў і іх сем'і, з Херсона давялося выехаць. Ужо знаходзячыся ў Запарожжы, Алег працягваў валанцёрскую дзейнасць. У родны горад вярнуўся ў першыя дні дэакупацыі. Так пачаўся новы этап — гуманітарная дапамога ўсім, хто мае патрэбу. Гэтым Алег займаецца да гэтага дня.
Больш за ўсё катавальняў — у Херсонскай вобласці
Усе 9 месяцаў акупацыі расіяне спрабавалі выявіць удзельнікаў супраціву. Уладзіслаў Недаступ называе сябе "шчасліўчыкам". Яму ўдалося ні разу не патрапіць "на падвал".
"Так, яны працавалі над тым, каб выяўляць падполле. Выяўляць людзей, уцягнутых ў працэсы сіл супраціву, хто дапамагае спецслужбам. Але ўсё роўна пакутавалі ў большасці грамадзянскія. Такіх людзей, якія займаліся тым жа, што і я, іншыя партызаны — нікога не шкадавалі. Бывалі выпадкі, калі толькі пасля катаванняў, збіцця людзей адпускалі. Але проста так цябе не адпусцяць. Цябе ці зламаюць фізічна або эмацыйна, або зусім заб'юць. Не адзін раз мне проста неверагодна шанцавала", — кажа Недаступ.
Па дадзеных Херсонскай абласной пракуратуры, на вызваленай частцы рэгіёну афіцыйна зафіксавана 11 катавальняў. 7 з іх знаходзілася ў Херсонскім раёне, больш за ўсё ў самым абласным цэнтры. Адну з катавальных турмаў расіяне ўладкавалі ў ізалятары часовага ўтрымання. У ёй 9 дзён правяла Ірына Радзецкая.
Ірына — намесніца дырэктара Херсонскай гімназіі. Расіяне схілялі яе да супрацоўніцтва падчас акупацыі горада. Патрабавалі, каб прывяла ў школу дзяцей і пераканала супрацоўнічаць калектыў.
На ўсе званкі Ірына адказвала"я ў вашы гульні не гуляю, не марнуйце мой і свой час". Затым ёй пачалі пагражаць расправай. У адзін дзень жанчына наведалася на сваё месца працы. Там на ўсю моц кіпела падрыхтоўка да новага навучальнага года на чале з прызначаным расіянамі дырэктарам.
Каб паказаць так званаму кіраўніцтву, што захопнікаў не баіцца, жанчына прыгразіла "дырэктару" вучэбнай гранатай.
"Пытаю — чаку тут сарваць? Апошняя фраза, якую я яму сказала, выходзячы з кабінета — "Ты здохнеш". Сакратарцы таксама гэта сказала", — успамінае Ірына.
Ужо на наступны дзень а пятай раніцы ў дом Радэцкай уварваліся ўзброеныя вайскоўцы РФ. Пасля ператрусаў яе забралі ў ІЧУ. У камеры яна была сёмай зняволенай. Ірыну абвінавацілі ў "тэрарызме" і пагражалі 20 гадамі турмы.
"Білі токам. Залівалі ў рот ваду. Білі з усёй сілы нагой у жывот, прыкладам па спіне. У мяне былі завязаныя вочы, я нават не магла зарыентавацца на ўдары. Увесь час пыталіся, дзе склады боепрыпасаў. Прапаноўвалі назваць тры прозвішчы АТОшнікаў, актывістаў, партызан. Маўляў тады адпусцяць дадому. Я казала, што такіх не ведаю, у іншай сферы працую", — расказвае Ірына Радзецкая.
Праз 9 дзён катаванняў Ірыну нарэшце адпусцілі дадому. Тады ўжо яе цела адчула ўсю прычыненую боль. Наперадзе было доўгае лячэнне. Усе катаванні расійскіх акупантаў яна адчувае дагэтуль.
Толькі ў ізалятары часовага ўтрымання ад катаванняў пацярпелі каля 300 чалавек. Гэта толькі афіцыйна зарэгістраваныя выпадкі. На самай справе пацярпелых можа быць значна больш.
Чатырох чалавек закатавалі да смерці. Акрамя таго, каля 200 мірных жыхароў правабярэжнай часткі вобласці былі наўмысна забітыя расійскімі акупантамі. 59 чалавек пацярпелі ад сэксуальнага гвалту. У цэлым зафіксавана больш за 19 тысяч крымінальных правапарушэнняў з боку вайскоўцаў РФ.
Экацыд
Падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС называюць ледзь ці не самай вялікай тэхнагеннай катастрофай за апошнія дзесяцігоддзі. Маштабы гэтай трагедыі ацэньваюць дагэтуль. Армія РФ разбурыла жыцці тысяч людзей.
Тое, што не знішчыла вялікая вада, акупанты знішчаюць штодзённымі абстрэламі. З першага дня катастрофы Алег Дэгусараў разам з іншымі валанцёрамі эвакуяваў людзей і жывёл з зоны падтаплення. Да 11 раніцы 6 чэрвеня аўто ўжо прыйшлося памяняць на лодкі.
"Мы працягвалі эвакуацыю пакуль не забралі ўсіх магчымых сабак, якіх былі ў поле зроку. Раніцай 7 чысла да нас ужо пачалі прыязджаць людзі з лодкамі. На трэці дзень у нас на вадзе ўжо было 16 лодак. Мы каардынаваліся па рацыях, мэсенджарах паміж сабой, з ваеннай адміністрацыяй, з ГСЧСнікамі. Думаю, уся краіна, увесь свет бачыў, што ўсе працавалі як адзін вялікі арганізм. Як маглі", — узгадвае Алег.
Падчас адной з эвакуацый на вадзе валанцёры трапілі пад абстрэл. Дзядуля, якога ратавалі з затопленай кватэры, атрымаў лёгкае раненне ў галаву. На шчасце, усе засталіся жывыя. Сколькі людзей і жывёл удалося выратаваць.
"Дзякуй богу не снежань месяц, вада была зносная. За 5 дзён эвакуацыі мы ўсе згарэлі на сонцы. Абстрэлы, усё тое самае, толькі ты ў лодцы едзеш. Нічога асабліва не памянялася. Памятаю, дзесьці ў ліпені пачаў прыходзіць у сябе ад таго, што адбылося. Таму што працы было вельмі шмат нават пасля патопу", — кажа Дэгусараў.
Пасля таго, як вада сышла, валанцёры ліквідавалі наступствы падтаплення. Моцнае цячэнне вытрымалі цагляныя сцены. Хатам глінянай пабудовы пашанцавала менш — іх цалкам размыла. Усё, што было нажыта людзьмі: рамонт, тэхніка, мэбля і асабістыя рэчы — знішчыла.
"Дзякуй валанцёрам, мы адсюль вывезлі 14 самазвалаў пяску. На чацвёрты дзень я праз дом пераязджаў лодкай. Дом быў увесь чыста пад вадой. Тут вада стаяла практычна два тыдні", — паказвае наступствы падтаплення Мікалай.
Мужчына жыве ў мікрараёне Востраў. Ён бліжэй за ўсё знаходзіцца да ракі і пацярпеў больш за ўсё. Узровень вады тут дасягаў васьмі метраў. Мікалай успамінае, разам з жонкай і сабакам удалося выехаць з дому ў апошні момант.
Затым дапамагаў валанцёрам эвакуяваць жыхароў на сваёй лодцы — да поўнамаштабнай вайны працаваў водным таксістам. Кожны дзень мужчына парадкуе свой дом, ужо тут жыве і рыхтуецца да зімы. Нават нягледзячы на пастаянныя абстрэлы з'язджаць не збіраецца.
"Гэта лічыцца нулявая зона, шэрая. На тым баку былі ўжо оркі (так у народзе называюць расійскіх вайскоўцаў — рэд.). Мы тут перажылі ўсё: і акупацыю, і дэакупацыю, і абстрэлы, усё што можна. Гэты патоп знішчыў жыццё. Усё, што нажывалі, да чаго імкнуліся — змыла вадой. Дом ёсць дом. На злосць ім будзем тут жыць. Яны нас хочуць адсюль выгнаць — не выйдзе. Гэта мы іх будзем выганяць з нашай тэрыторыі. Гэта ўсё роднае, усё наша. Нікому не аддадзім. Будзем аднаўляць тое, што страцілі", — кажа Мікалай.
Вярнуўшыся нават у цалкам разбураны дом, Любоў больш не хоча пакідаць Херсон. Спадзяецца пачаць жыццё з нуля ў родным горадзе.
Херсон цяпер
Уцёкшы на левы бераг Дняпра, расійская армія штодня палівае агнём вызвалены Херсон. Лінія фронту праходзіць літаральна па рацэ і невялікая адлегласць дазваляе акупантам прымяняць усе даступныя ім віды зброі — артылерыю, мінамёты, танкі і беспілотнікі.
За апошнія месяцы пачасціліся ўдары ракетамі і авіябомбамі. У той жа час самі ж херсонцы кажуць, што пасля перажытай акупацыі ім ужо нічога не страшна. У горадзе застаецца каля 70 тысяч жыхароў.
"Самае страшнае ў акупацыі было, што мяне шукалі за актывізм і хацелі расстраляць. Але не знайшлі. А цяпер гэтага няма. У акупацыі страшна было на вуліцу нават выходзіць. Цяпер не так жудасна, але ўсё роўна не вельмі добра жывецца", — кажа мясцовы жыхар Іван.
Па словах херсонкі Таццяны, да гукаў выбухаў яна ўжо даўно прывыкла. Навучылася па гуку вызначаць "выхады" і "прылёты".
"Оркі — так, з імі было страшна нават галаву падымаць. А цяпер вы паглядзіце — людзі ўсе ходзяць з горда паднятымі галовамі. Так, страшна. Але чакаем, вядома, вяртання нашага левага берага", — кажа жанчына.
Родны горад цяжка бачыць такім пустым, лічыць Уладзіслаў Недаступ. Але пры гэтым тут, пад абстрэламі, больш цэніцца жыццё.
"Гэта не норма як мы ўсе жывем, у якіх умовах. Але, з іншага боку, быць свабоднымі на сваёй зямлі гэта значна лепш, чым жыць у акупацыі. Лепш хай па нас страляюць, мы будзем змагацца. Я хоць па вуліцы хаджу і перастаў азірацца. Мяне ўжо не напружваюць вялікія джыпы ці ваенная тэхніка, таму што адразу ўзнікалі асацыяцыі з акупантамі. Я адчуваю свабоду. Хто свабоду губляў, той разумее, пра што я кажу. Свабода — гэта самае важнае, што павінен мець чалавек", — лічыць Уладзіслаў.
З кожным днём у Херсоне ўсё больш і больш разбурэнняў. Ліквідаваць наступствы абстрэлаў дапамагаюць валанцёры — зашываюць вокны і дахі, разбіраюць завалы. Пасля падрыву Кахоўскай ГЭС каманда Алега Дэгусарава з 5 чалавек узрасла да 60.
Неабыякавыя мясцовыя жыхары аб'ядналіся, каб дапамагчы ўсім, хто мае патрэбу. Цяпер гэта арганізацыя "Справжні". Брыгадзір адной з брыгад каманды Андрэй Панамарэнка кажа:
"Мы жывем на фронце. Адтуль страляюць, да нас далятае. Калі дзесьці побач, натуральна, стараемся схавацца па магчымасці. Па сутнасці, ужо прывыклі".
Херсон, захоплены ў першыя дні вайны, які перажыў псеўдарэферэндум і нібыта "далучэнне да Расіі", стаў сапраўдным сведкам парушэнняў міжнароднага права і ваенных злачынстваў расійскай арміі.
11 лістапада стала сакральнай датай для ўсіх херсонцаў. Самым вялікім святам стаў дзень вызвалення. Тут у Херсоне вераць — сваёй доўгачаканай даты дачакаюцца ўсе жыхары часова захопленых тэрыторый.
"Я ведаю, што акупацыя для кожнага сваё пекла. Кожны лёс зламаны па-свойму. Людзі ў акупацыі — на вас не забыліся. Наш час прыйшоў, і ваш таксама прыдзе. Нічога не бывае вечнага. Я хачу, каб вы выбраліся з гэтага пекла. Каб вы зноў адчулі, што такое быць свабодным чалавекам. Гэта неверагодныя адчуванні. Я вам жадаю адчуць гэта зноў і больш ніколі не быць у тых умовах, у якіх вы цяпер", — падкрэсліў Уладзіслаў Недаступ.
Матэрыял створаны пры падтрымцы "Медыясеткі"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.