Злотнікаў: Забарона на продаж валюты грамадзянам цалкам магчымая

Еўрарадыё: Чым Беларусі пагражае адключэнне Расіяй электраэнергіі?

Злотнікаў: ”Частка электраэнергіі, якую Беларусь купляе ў Расіі, не надта вялікая, усяго каля 5% ад усёй ужыванай энергіі. Акрамя таго, у нас ёсць рэзервовыя запасы. А купляем мы электраэнергію звонку, таму што яна крыху таннейшая за тую, якая вырабляецца ўнутры краіны. Таму, купляючы расійскую электраэнергію, краіна ашчаджала грошы. У цяперашніх умовах нам прыйдзецца прадукаваць больш сваёй энергіі і больш затрачваць на гэта рэсурсаў”.

Еўрарадыё: Агульная сума доўга за электраэнергію складала 50 мільёнаў долараў. Частку доўга сплацілі. Няўжо ў дзяржавы зараз няма сродкаў на тое, каб заплаціць поўную суму і пазбегнуць скандалу?

Злотнікаў: ”У нас засталося вельмі мала золатавалютных рэзерваў. І калі дзяржава вымушана заўжды браць з гэтых рэзерваў, натуральна, што іх застаецца менш і менш. Мяркую, што зараз проста няма такой неабходнасці, каб у гэтыя рэзервы залазіць. Лепей затраціць больш рэсурсаў і прадукаваць сваю ўласную электраэнэргію”.

Еўрарадыё: Сёння Беларусь атрымала першы транш крэдыта ад ЕўрАзС у 800 мільёнаў долараў. Ці ня можна было б з гэтай сумы выдаткаваць 50 мільёнаў і разлічыцца з даўгамі?

Злотнікаў: ”Магчыма, дзяржава так і зробіць. Транш крэдыта прыйшоў толькі сёння, а каб прыняць рашэнне, неабходны час”.

Еўрарадыё: Як, на Ваш погляд, будуць паводзіць сябе беларускія ўлады, калі Расія адключыць электраэнергію? Ці будуць яны старацца сплаціць пазыкі, ці будуць цягнуць і далей?

Злотнікаў: “З эканамічнага боку нам лепей было б сплаціць пазыкі. Тады б Беларусь працягвала спажываць больш танную расійскую электраэнергію і адпаведна траціць на яе меншыя сродкі, чым на генерацыю сваёй уласнай. Але цяжка сказаць, якім шляхам пойдзе ўрад. Гэта стане вядома праз пару дзён”.

Еўрарадыё:  Сёння агенцтва “Інтэрфакс” апублікавала каментар экспертаў пра тое, што ў Беларусі магчымая забарона на куплю грамадзянамі валюты. Ці магчыма гэта?

Злотнікаў: “Гэта вельмі верагодна. І кітайскі досвед, на які шмат хто спасылаецца, тут ні прычым. Калі дзяржава пачала ўводзіць нейкія абмежаванні на значэнне валютнага курса, з’явілася шмат адмоўных наступстваў: вываз тавараў за межы Беларусі, які прыйшлося таксама абмяжоўваць нейкімі адміністратыўнамі метадамі. Акрамя таго, з-за малых золата-валютных рэзерваў нашыя прадпрыемствы, камерцыйныя структуры могуць стаць неплацежаздольнымі. Гэта значыць, што прадпрыемствы не будуць мець магчымасці атрымоўваць па перадаплаце сыравіну і камплектуючыя. А гэта таксама адмоўна паўплывае на эканоміку”.

Еўрарадыё: Дык можа будзе як у савецкія часы: маеш валюту – парушаеш закон?

Злотнікаў: “Не, зараз зусім іншыя часы. Тады межы былі цалкам перакрытыя. Зараз перакрыць іх немагчыма. Гэта б значыла адмежавацца заслонам і ад Расіі. Таму зараз не атрымаецца зрабіць так, як гэта было ў СССР.”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі