ЗША ўвялі санкцыі супраць заснавальніка партыі "Грузінская мара"
Бідзіна Іванішвілі
ЗША ўвялі санкцыі супраць заснавальніка партыі "Грузінская мара" Бідзіны Іванішвілі, паведаміў Мінфін гэтай краіны. Мільярдэра, былога прэм'ера абвінавачваюць у "падрыве дэмакратычнай і еўра-атлантычнай будучыні Грузіі на карысць Расійскай Федэрацыі", піша kavkaz-uzel.eu.
У пачатку снежня краіны Балтыі і Украіна забаранілі ўезд Іванішвілі і кіраўніцтву МУС Грузіі. Прычынай стала падаўленне пратэстаў супраць вынікаў парламенцкіх выбараў у Грузіі. Як вядома, пра перамогу на іх заявіла "Грузінская мара" (Еўрапарламент адмовіўся прызнаць агучаныя вынікі). Апазіцыя адмовілася ўдзельнічаць у працы парламента і патрабуе новых выбараў. У Грузіі праходзяць масавыя вулічныя акцыі пратэсту.
На баку апазіцыі выступіла прэзідэнт Саломе Зурабішвілі. Некалькі дзён таму яна запрашала Бідзіну Іванішвілі на перамовы. Тым часам парламент ужо абраў "свайго" прэзідэнта, былога футбаліста.
Грузіны выйшлі на вуліцы пасля таго, як прэм'ер-міністр Іраклій Кабахідзэ з кіроўнай партыі "Грузінская мара" аб'явіў, што Грузія адмаўляецца ад перамоваў аб уступленні ў Еўрасаюз. А перад гэтым грузінскі ўрад прыняў рашэнне аб прыпыненні еўраінтэграцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.