Еўрапарламент не прызнаў выбары ў Грузіі, улады "прыпынілі" ўступленне ў ЕС
Пратэсты ў Грузіі пасля парламенцкіх выбараў
Еўрапарламент не прызнае парламенцкія выбары ў Грузіі свабоднымі і справядлівымі. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, за якую прагаласавалі 444 еўрадэпутаты. Супраць рэзалюцыі выступілі 72 дэпутаты, яшчэ 82 устрымаліся.
Дэпутаты заклікалі Грузію правесці паўторныя выбары на працягу года ва ўмовах незалежнай выбарчай адміністрацыі і пад пільным міжнародным наглядам, перадае Бі-Бі-Сі.
Таксама еўрапарламентарыі заклікаюць ЕС увесці персанальныя санкцыі супраць чыноўнікаў і палітычных лідараў Грузіі, адказных за парушэнне выбарчых стандартаў і злоўжыванне дзяржаўнымі інстытутамі. У гэты пералік трапілі прэм'ер-міністр Іраклій Кабахідзэ, старшыня парламента Шалва Папуашвілі і ганаровы старшыня кіруючай партыі мільярдэр Бідзіна Іванішвілі.
Тым часам улады Грузіі адмовіліся весці далейшыя перамовы па ўступленні ў Еўрасаюз. Прэм'ер-міністр заявіў, што перамовы перапыненыя як мінімум да 2028 года.
Згодна з афіцыйнай версіяй кіруючая партыя "Грузінская мара" набрала на выбарах 26 кастрычніка 54% галасоў. У парламенце яна атрымала 89 з 150 мандатаў. Апазіцыйныя партыі (у тым ліку тыя, што прайшлі ў парламент) і прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі не прызнаюць вынікі выбараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.