Жыхароў 100-тысячнага Мазыра пачалі абслугоўваць аўталаўкі

Аўталаўка ў Мазырскім раёне, ілюстрацыйны здымак

Аўталаўка ў Мазырскім раёне, ілюстрацыйны здымак / МНС

У некаторых раёнах Мазыра жыхароў сталі абслугоўваць аўталаўкі. Звычайна іх накіроўваюць у аддаленыя вёскі, дзе няма крамаў. А насельніцтва Мазыра складае больш за 100 тысяч чалавек.

Як піша "Флагшток", прычына ў тым, што некаторыя сектары горада засталіся без стацыянарных прадуктовых крамаў. У Мазыры зачынілася папулярная гандлёвая сетка "Аметыст", якая дзейнічала больш за 30 гадоў. Яна брала на сябе функцыю крамаў крокавай даступнасці, і ім у горадзе не было альтэрнатывы.

Пра тое, што замест крамаў "Аметыст" будуць працаваць аўталаўкі, мазырскія ўлады паведамілі ў мясцовай газеце. Аднак прыязджаюць гэтыя машыны толькі два дні на тыдзень. Па аўторках і пятніцах аўталаўкі стаяць на вуліцах Астроўскага і Сацыялістычнай, а па сярэдах і суботах — на вуліцах Гогаля і Якуба Коласа.

Як выявіў "Флагшток", уладальнікі "Аметыста" выставілі прадпрыемства на продаж як гатовы бізнес. У сетцы сем крамаў і кіруючы офіс. Аб'ява на пляцоўцы Realt з'явілася на пачатку сакавіка, а цяпер пазначана, што яна ўжо неактуальная.

У 2023 годзе ТАА "Аметыст" уваходзіла ў Мазыры ў тройку вядучых паводле абароту рознічнага гандлю. Колькасць работнікаў у структуры складала 350-400 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі