ЗША заклікаюць вывесці міліцэйскі спецназ з цэнтра Кіева
Улады Украіны таксама павінны для ўрэгулявання крызісу вызваліць затрыманых удзельнікаў пратэстаў.
Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Белага дома Джэй Карні.
"Мы падтрымліваем дыялог паміж уладамі і апазіцыяй і заклікаем абодва бакі працягваць перамовы, паколькі палітычнае рашэнне — адзіны выхад, — цытуе словы Карні РІА "Новости". — Мы таксама заклікаем абодва бакі ўстрымлівацца ад гвалту. Толькі ўрад можа забяспечыць, каб рашэнне крызісу было мірным, і яно павінна неадкладна зрабіць крокі для зніжэння напружанасці, у прыватнасці вызваліць затрыманых удзельнікаў пратэстаў і вывесці з цэнтра спецпадраздзяленні міліцыі".
Нагадаем, сітуацыя ў Кіеве абвастрылася 19 студзеня, калі на вуліцы Грушэўскага пачаліся сутыкненні радыкалаў з шэрагаў пратэстоўцаў і спецназу. Пацярпелі сотні людзей з абодвух бакоў, ужо ёсць і ахвяры, а сярод іх беларус Міхаіл Жызнеўскі.
Фота — ria.ru