З'явілася поўная стэнаграма выступу Кірыла Рудага на эканамічным форуме

З'явілася поўная стэнаграма выступу Кірыла Рудага на эканамічным форуме

З'явілася поўная стэнаграма выступу пасла Беларусі ў Кітаі Кірыла Рудага на Кастрычніцкім эканамічным форуме, які прайшоў у Мінску. Яна з'явілася на сайце nn.by, які лічыць прамову Рудага "маніфестам рэфарматарскага крыла тэхнакратаў".

Руды: Такім чынам, каму і чаму не патрэбныя эканамісты?

Першае: эканамісты не патрэбныя эканоміцы, бо не ўплываюць на яе рост.

Наша эканоміка расла разам з ростам сыравінных рынкаў — калій, нафта — і расійскага рынку. Калі гэтыя рынкі ўпалі, і ў нас не стала эканамічнага росту. Значыць справа не ў эканамістах. Нам проста шанцавала. Калі ў 2014 годзе пачаўся адток капіталу з краін, што развіваюцца, і ў нас стала менш грошай.

З 2015 года ў Беларусі стала больш закрывацца прадпрыемстваў з замежнымі інвестыцыямі, чым адкрывацца, скараціліся памеры іх статутных фондаў. Значыць, цяпер нам не шанцуе.

Гэта пагаршаецца тым, што эканамісты заточаныя не на рост эканомікі, а на захаванне яе структуры. Але, калі эканоміка не расце і не дае дадатковы прадукт, то за кошт чаго яе захаваць? За кошт пазык! Таму эканамісты сёння — гэта проста прадаўцы дзяржаблігацый. Але, нават у гэтым выпадку дзяржзайм таксама павінны стымуляваць рост, а тэмп росту эканомікі перавышае прырост дзярждоўгу. У нас дзярждоўг расце як унутраны, так і знешні, а эканоміка падае. Значыць, эканамісты не ўплываюць на эканамічны рост.

Другое: эканамісты не патрэбныя грамадству, а, значыць, і палітыкам, бо няма адчування крызісу.

У нас другі год падае ВУП і рэальныя даходы, і эканамісты ў сваіх тэорыях называюць гэта эканамічным крызісам. Але на практыцы ў грамадстве ў кожнага сваё разуменне крызісу, зыходзячы з уласнай памяці і бачання.

Старэйшае пакаленне лічыць: галоўнае, не грошы, а каб не было вайны, сярэдняе — адштурхоўваецца ад 90-х, маўляў, было і горшае, і 30 долараў заробак быў, наша — параўноўвае з іншымі еўрапейскімі краінамі і лічыць, што горш ужо няма як. І калі няма агульнага адчування крызісу, то няма і палітычнай волі з яго выхаду, таму няма і попыту на эканамістаў. Але гэта калектыўны зман. Па-першае, ужо зараз крызіс не можа не мець негатыву для грамадства.

Напрыклад, рост беспрацоўя на 1%, як правіла, вядзе да росту самагубстваў на 1,3%. Па-другое, сённяшняе падзенне пры росце іншых краін стварае непераадольнае адставанне на дзесяцігоддзі наперад, што адаб'ецца на будучыя пакаленні.

Трэцяе: эканамісты не патрэбныя бізнэсу, бо яны ўносяць хаос. Па-першае, эканамісты спрабуюць заняцца не сваёй справай, а менавіта — дзяржбізнэсам і выступіць на баку прапановы. Замест дырыжорства пачынаюць самі граць у аркестры. Стараюцца адгадаць, што будзе запатрабавана, зыходзячы з уласнага здаровага сэнсу, і туды накіраваць бюджэтныя грошы. Напрыклад, у інфраструктуру — са стэрэатыпу даўгавечнасці, у сельскую гаспадарку і машынабудаванне па інерцыі, у іншыя сферы — як даніна модзе.

Часта лічыцца, што інвестыцыі павінны выклікаць попыт, хоць наадварот, яны павінны дыктавацца попытам. Напрыклад, павышэнне хуткасці інтэрнэту выкліча не бум інтэрнэт-бізнэсу, калі для гэтага не было іншых перадумоў, а, хутчэй, толькі павысіць даступнасць забаў. Таксама і павышэнне ў рэйтынгу Doing Business задавальняе хутчэй распрацоўшчыкаў методыкі, чым попыт з боку бізнэсу. І гэта падобна на будаўніцтва чыстага горада, у якім няма жыхароў.

Па-другое, у эканамістаў няма рэальных паўнамоцтваў, таму яны не могуць паслаць выразныя сігналы бізнэсу. Пры гэтым яны пасіўна чакаюць гэтых паўнамоцтваў, якія або канцэнтруюцца уверсе, ці перацягваюцца ўнізе паміж дырэктаратам і кантралёрамі. Калі няма паўнамоцтваў, то прапановы эканамістаў тонуць сярод несупастаўныхальтэрнатыў. У выніку ці выбіраецца звыклае, камфортнае рашэнне для захавання статус-кво, ці прымаецца кампраміс, непрадказальны і складаны для ўспрымання. Так з'яўляецца нявызначанасць, якая дэзарыентуе, скажае стымулы, вядзе да ілжывых інвестыцый і ў канчатковым выніку да хаосу.

І апошняе, каму не патрэбныя эканамісты: яны не патрэбныя самі сабе, бо самі не могуць самарэалізавацца.

У прынцыпе, яны ўжо ўсё прапанавалі. Так ці інакш, яны заўсёды прапануюць адно і тое ж. І ў 1990-х, і ў 2000-х, і ў 2010-х імі ўжо распрацаваны розныя "тэорыі": дарожныя карты, пяцігодкі, стратэгіі да 2030 года. Здавалася б, цяпер патрэбныя практыкі-тэхнакраты, здольныя ўзяць на сябе адказнасць і часам непапулярнасць за тэхнічную рэалізацыю. Але і яны не запатрабаваныя. Праходзяць гады, яны адчуваюць сваю непатрэбнасць, перастаюць верыць — найперш у сябе — і сыходзяць у іншую самарэалізацыю.

Таму, каб сёння аднавіць эканамічны рост патрэбныя не эканамісты.

Хто патрэбны замест эканамістаў?

Па-першае, патрэбныя бізнесмены.

Мы часам параўноўваем праблемы ў эканоміцы з вайной. Але як перамагчы ў вайне? Расійскія вучоныя назвалі важную прычыну перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне: асабістая ініцыятыва, якая з'явілася дзякуючы паслабленню рэпрэсій перад тварам агульнага ворага. Менавіта яна кампенсавала параліч і бездапаможнасць кіраўніцтва. Услед ўзнікла пачуцце асабістай адказнасці за лёс краіны, і сталі напрацоўвацца навыкі свабоды.

Таксама і падчас эканамічных крызісаў многія краіны, як, напрыклад, Кітай, Паўднёва-Усходняя Азія, Цэнтральная і Усходняя Еўропа спынілі падзенне і выратаваліся, перайшоўшы да прагматызму і свабоднага бізнэсу. Відавочна, што вышэйстаячы эканаміст мае менш стымулаў вырашаць праблемы бізнесу, чым сам бізнэс. Таму, у перыяд спаду, каб вярнуць рост, патрэбныя перш за ўсё бізнесмены.

Па-другое, патрэбныя юрысты.

Менавіта яны могуць абараніць бізнес, пакуль ён не адужэў і расце. Але абараніць ад каго? Ад сілавога ціску дзяржавы! У гэты складаны час мы самі сталі пагаршаць сітуацыю. У нас колькасць адміністрацыйных спраў па эканамічных артыкулах за 2015 год вырасла з 9 да 13 тысяч, а спагнанні накладваюцца па 9 з 10 спраў, што трапілі ў суд. Можна спрабаваць абскардзіць сілавыя дзеянні. Але такіх спробаў кожны год усё менш і задавальняюцца адзінкі. Напрыклад, у 2015 годзе з 112 абскарджанняў рашэнняў мытні задаволеныя толькі 6, з 78 пазоваў супраць падатковай — таксама толькі 6. Таму, каб эканоміка аднавілася, яна павінна абараняцца.

 Па-трэцяе, патрэбныя сацыёлагі.

Нам трэба раскадаваць грамадства. У нас ёсць культурныя бар'еры, якія тармозяць эканоміку: спажывецкае стаўленне да інвестараў, да дзяржавы і адзін аднаму, прыярытэт роўнасці над багаццем, арыентацыя на савецкае мінулае, гігантаманія, матывацыя пагрозамі, заклік да інстынктаў, а не да разумнага сэнсу, ухіленне ад адказнасці і балючых рашэнняў.

З-за мяжы Беларусь часам здаецца дзіўнай краінай, але сёння мы ў трэндзе. Ідзе адраджэнне расійскіх традыцыйных каштоўнасцяў, кітайскага нацыянальнага гонару, еўрапейскага нацыяналізму, лацінаамерыканскага папулізму, брытанскага кансерватызму. Усе гэтыя культурныя матрыцы падобныя. Напрыклад, яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя Хаек называў наступныя характарыстыкі брытанскага кансерватызму: цяга да ўлады, патэрналізм, традыцыяналізм, антыінтэлектуалізм і містыцызм.

Раскадаванне з дапамогай сацыялогіі неабходна, але недастаткова. Для змены мыслення трэба мяняць фармат СМІ, а паводзін — выкарыстоўваць механізмы, якія ўплываюць на несвядомыя паводзіны людзей.

На мінулагодняй канферэнцыі быў зроблены прагноз, што рэформы не атрымаюцца ў Беларусі ў 2016 годзе. Вядома, яшчэ год не скончыўся, і спробы былі, і штосьці па-ціхаму праведзена, але сістэмных рэформаў не атрымалася, клімат не змяніўся. Эканоміка сёння падае ўжо дакладна не з-за рэформаў, а хутчэй з-за таго, што іх няма.

Сілавая рэакцыя на крызіс пагаршае яго. З'яўляюцца новыя праблемы, выкліканыя ўжо не знешнімі фактарамі, нашымі ўласнымі дзеяннямі. Здавалася б, менавіта тут і цяпер патрэбныя эканамісты. Але калектыўная памяць і вера ў свае сілы не дазваляюць зірнуць на праблемы вачыма эканамістаў і пакорліва дазволіць эканоміцы самой аднавіцца.

Усё гэта нагадвае кітайскую прыпавесць, калі мастак намаляваў на сцяне дракона, але ўвесь час баяўся, што той зляціць, таму зафарбаваў яму вочы. Таксама нашай эканоміцы як вочы патрэбныя эканамісты. Але, не тыя, якія маўчаць і лічаць гэта лаяльнасцю, а тыя, якія папярэджваюць і лічаць гэта патрыятызмам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі