100 тон прамысловых карпаў з рыбгасу пайшлі ў вольнае плаванне
У рыбгасе «Свіслач», што ў Асіповіцкім раёне, вадой прарвала запруду. Экстраныя захады, каб ліквідаваць размыў памерам у шэсць метраў, вынікаў не далі. Размыў павялічыўся да 30 метраў, глыбіня цяпер — да 12 метраў. З ста чатырнаццаці тон прамысловай рыбы вылавіць удалося толькі чатырнаццаць, паведамляе Радыё Свабода. У рацэ Свіслач апынулася 100 тон прамысловай рыбы. Паступаюць звесткі, што карп з рыбгасу пачаў лавіцца на Бярэзіне. Кіраўніцтва гаспадаркі цяпер займаецца афармленнем неабходных дакументаў, каб адлавіць у рэках хоць колькі рыбы і зменшыць выдаткі. Плануецца лавіць карпаў-уцекачоў азёрнымі сеткамі. Аматарам у той жа час забаранілі лавіць рыбу ў Свіслачы аж да 1 верасня.