2017 год будзе абвешчаны годам памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій
2017 год будзе абвешчаны годам памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Пра гэта Еўрарадыё распавёў гісторык Ігар Кузняцоў.
"18 студзеня на Управе БНФ збярэцца аргкамітэт па стварэнні гісторыка-асветніцкага аб'яднання "Вяртанне памяці". Сёлета спаўняецца 80 гадоў з Вялікага тэрору — піку савецкіх рэпрэсій 1930-х, які прыйшоўся на 1937 год. Таму мы плануем абвясціць 2017 год годам памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій", — распавёў нам гісторык.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, ахвярамі тэрору сталі 600 тысяч жыхароў Беларусі. Ігар Кузняцоў лічыць, што насамрэч іх як мінімум на 200 тысяч болей. Сярод іх як звычайныя людзі, так і інтэлектуальная эліта краіны — дзеячы беларускага адраджэння 1920-х. Дакладна колькасць рэпрэсаваных падлічыць цяжка: арыштаваных на тэрыторыі Беларусі часам знішчалі далёка за яе межамі, ва ўстановах ГУЛагу.
Толькі ўночы з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях унутранай турмы НКВД у Мінску, дзе сёння размяшчаецца следчы ізалятар КДБ, былі расстраляныя каля 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: літаратары, выкладчыкі, навукоўцы. Сярод знішчаных былі таксама савецкія ўпраўленцы. Расстрэльны спіс зацвярджаўся ў Маскве, але тутэйшыя чэкісты дадалі ў яго некалькі прозвішчаў па ўласнай ініцыятыве.