4 экс-фігуранты "справы патрыётаў" патрабуюць па 100 тысяч рублёў кампенсацыі

4 экс-фігуранты "справы патрыётаў" патрабуюць па 100 тысяч рублёў кампенсацыі

У судзе Маскоўскага раёну Мінска пачаўся разгляд калектыўнага пазову чатырох фігурантаў "справы патрыётаў" аб кампенсацыі маральнай шкоды. Адказчыкам ад імя дзяржавы выступае Міністэрства фінансаў. 

Пазоў падалі Андрэй Дундукоў, Віктар Данілаў, Сяргей Стрыбульскі і Віктар Мароз, паведамляе Радыё "Свабода". Усіх іх (як і іншых 30 затрыманых) супрацоўнікі КДБ затрымалі напрыканцы сакавіка — на пачатку красавіка 2017 года. Хлопцаў трымалі пад вартай больш за чатыры месяцы, а потым яшчэ некалькі месяцаў — пад падпіскай аб нявыездзе. 

Андрэй Дундукоў кажа, што на допытах яго называлі нацыстам і злачынцам: "Мне сказалі, што я злачынца сам і трэніраваў злачынцаў, называлі нацыстам. Я на гэта адказваў, што я патрыёт, а сьледчыя казалі: "А хто вас упаўнаважыў быць патрыётам?"

У якасці перанесеных маральных пакутаў ён згадаў артыкул у газеце "СБ. Беларусь Сегодня" і фільм "Белы легіён чорных душаў", паказаны па БТ. Побытавыя нязручнасці ў ізалятары КДБ, па яго словах, таксама прыніжалі: "Там не было для мяне ложка, даводзілася спаць па падлозе. Не было прыбіральні ў камеры, даводзілася карыстацца вядром, што мяне прыніжала". 

Да таго ж Дундукова звольнілі з працы, а сын і жонка, як і ён сам, атрымалі псіхалагічны стрэс. Жонцы патрэбнае лячэнне.

Віктара Данілава затрымалі невядомыя асобы, якія напалі на яго ззаду і стукнулі па галаве. У КДБ яго прывезлі звязанага, з чорным каўпаком на галаве і пачалі допыты. Хлопец кажа, што ў яго развіліся фобіі: "Дагэтуль баюся тых, хто падбягае ззаду". Данілаў расказаў, што яго палохалі тым, што вывезуць у лес.

Наракаў ён і на здзек падчас следства. Ён згадаў пра н менш як 8 "размоў" з супрацоўнікамі КДБ, калі яго прымушалі "ва ўсім прызнацца" ды яшчэ і "агаварыць не толькі сябе, але і сяброў". Яму пагражалі 15 гадамі зняволення і намякалі на небяспеку для сваякоў. "У мяне з гэтай прычыны пачаўся нервовы цік", — паведаміў Данілаў.

Ён быў вымушаны таксама звольніцца з ранейшай працы.

Сяргей Стрыбульскі заявіў, што падчас затрымання супраць яго ўжылі электрашокер. За час зняволення ў яго пагоршылася здароўе: "Страціў на дзве адзінкі зрок ад знаходжання ў цёмнай камеры. Было –6, цяпер –8".

Віктар Мароз паведаміў, што ад перажытага стрэсу ягоная жонка займела праблемы са шчытападобнай залозай. "Лекары сказалі, што пажыццёва давядзецца хадзіць да эндакрынолага", — удакладніў ён.

У самога Мароза падчас зняволення ад кепскіх побытавых умоваў узніклі праблемы са здароўем: абвастрылася былая траўма калена, прастудзіў мачавы пухір, бо спаў на падлозе пад нарамі.

Мароз — індывідуальны прадпрымальнік. Пасля вызвалення ён страціў былую кліентуру, бо яго працоўная рэпутацыя аказалася падарванай. 

На судзе прадстаўнік Мінфіну Дзяніс Каляда запытваў у кожнага з пазоўнікаў: чаму яны не звярталіся па прызнанне права на кампенсацыю стратаў у КДБ і Следчы камітэт, калі крымінальны пераслед супраць іх быў спынены?

Адвакатка Вольга Мацкевіч паведаміла, што Крымінальна-працэсуальны кодэкс прадугледжвае такое права толькі за следчым, які вядзе справу: "Толькі ён мае права выносіць адпаведную пастанову па заканчэнні справы. Але гэтага не было зроблена на момант заканчэння сьледзтва і ўжо не будзе зроблена ніколі. Таму нашы падабаронныя звярнуліся ў суд".

Прадстаўнік Мінфіна заявіў, што не прызнае пазоў. "Паводле 460 і 462 артыкулаў гэтага разьдзелу Крымінальна-працэсуальнага кодэксу права на кампэнсацыю павінен прызнаць орган, які вёў расследаванне, на падставе прызнання, што дзеянні былі незаконнымі. Пакуль незаконнасць дзеянняў гэтых органаў нічым не ўстаноўленая", — падкрэсліў Дзяніс Каляда.

Суд працягнецца 3 красавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі