ААН абвінаваціла Расію ў сістэматычных катаваннях украінскіх ваеннапалонных
Падчас абмену ваеннапалонных / dw.com
Арганізацыя Аб'яднаных Нацый абвінаваціла Расію ў сістэматычных катаваннях ўкраінскіх ваеннапалонных. Пра гэта сведчаць факты, сабраныя ў дакладзе Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Аўтары апыталі 159 украінцаў (сярод іх 20 жанчын), якія былі ў палоне. З імі размаўлялі пасля вызвалення, паколькі Расія не прадаставіла доступу падчас іх утрымання пад вартай. Былі апытаныя і 175 расіян-ваеннапалонных.
Пра катаванні і жорсткае абыходжанне ў палоне гаварылі і ўкраінцы, і расіяне. У дакладзе адзначаецца, што ва ўкраінскага боку гэта было "нерэгулярна", у асноўным падчас захопу ў палон і далейшай перавозкі да месца ўтрымання. А вось расійскі бок сістэматычна жорстка абыходзіўся з палоннымі, "асабліва падчас інтэрнавання". Акрамя збіцця з боку расіян былі катаванні (катавалі токам, душылі, рэзалі, імітавалі смяротнае пакаранне), недахоп вады і якаснай ежы. Некалькі ўкраінак расказалі пра пагрозы згвалтаваннем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.