"Кінулі як мяса": як жывуць акупанты ва ўкраінскім палоне

Пастраенне палонных у лагеры пад Львовам / Дзмітрый Ганчар / hromadske
Пастраенне палонных у лагеры пад Львовам / Дзмітрый Ганчар / hromadske

Пакуль украінскіх палонных утрымліваюць у жудасных умовах, у Львоўскай вобласці, у адным з лагераў, расійскія палонныя працуюць, а ў вольны час глядзяць кіно і чытаюць. Месяц утрымання толькі гэтага аднаго лагера абыходзіцца бюджэту больш чым у два мільёны грыўняў.

hromadske паехала ў лагер, каб убачыць, на што ідуць грошы падаткаплацельшчыкаў, а карэспандэнт Яўген Шульга паслухаў расповеды палонных расійцаў і мабілізаваных у так званыя арміі "ЛНР" і "ДНР" украінцаў з акупаванага Данбаса.

Лагер залівае ўсё яшчэ цёплым восеньскім сонцам. Назіральнікі праводзяць нам экскурсію па двары. Заводзяць у абсталяванае бамбасховішча — добра асветленае памяшканне са сталамі, на якіх можна спаць, і з мяккімі крэсламі. Далей заходзім у дом для сну. Шырокія вокны ўпускаюць шмат святла. На ложках — пакрывалы і складзеныя трохвугольнікам белыя падушкі. Ля кожнага ложка — зэдлік і па адной тумбачцы на дваіх.

Нас заводзяць у суседняе памяшканне. Тут кіназала. Палонныя якраз глядзяць украінскі фільм рэжысёра крымскататарскага паходжання Ахтэма Сеітаблаева "Чужая малітва". Кажуць, хоць стужкі і "круцяць" на ўкраінскай мове, кантэкст яны разумеюць.

Аляксандр Захараў, якому на выгляд 20-25 гадоў, дзеліцца ўражаннямі:  

"Сутнасць у тым, што, нягледзячы на іншае веравызнанне, чалавек усё роўна ратуе жыццё тых, хто ў гэтым мае патрэбу. Таксама нам паказваюць фільмы пра гісторыю. Вельмі пазнавальна".

"Бросили как мясо": как живут оккупанты в украинском плену
Пакой для сну ў лагеры для ваеннапалонных / Дзмітрый Ганчар / hromadske

Палонны Данііл Марозаў чытае раман "Гойя" — пра жыццё іспанскага мастака XVIII стагоддзя. Прызнаецца, што не цікавіцца жывапісам, але чытае, таму што кніга на рускай.

"Вельмі цікава, але я яшчэ не дачытаў. Але паспеў ужо прачытаць зборнік пра Шэрлака Холмса", — распавядае Марозаў.

Хлопец расказвае, што ў 2020-м падпісаў кантракт праз грошы:

"Адслужыў 4 месяцы і падпісаў. Не хацелася проста так праходзіць тэрміновую службу. Заработная плата там 2 тысячы рублёў на месяц (прыкладна 32 долары. — Рэд.). Мне было тады 20 гадоў. А тут прапанавалі 45 тысяч за кантракт (730 долараў. — Рэд.). Падумаў: чаму б і не?"

Выходзім на вуліцу. Тут якраз пастроілі палонных для праверкі. Я пытаюся зняволеных, ці ёсць хто-небудзь, хто не супраць пагутарыць. У адказ толькі адна паднятая рука.

"Бросили как мясо": как живут оккупанты в украинском плену
Пастраенне палонных у лагеры пад Львовам / Дзмітрый Ганчар / hromadske

Служы ці сядзі

Мужчыну 32 гады. У яго прозвішча, як у вядомага савецкага маршала — Жукаў. Толькі завуць яго Юрый і ён сяржант. Юрый — кантрактнік. У палон трапіў 6 верасня. Да поўнамаштабнага ўварвання служыў у Калінінградзе. Кажа, што вайскоўцаў яго часткі прымусілі паехаць на вайну ва Украіну.

"Многія спрабавалі адмовіцца, пісалі рапарты на адмову. Гэтыя рапарты ніхто не прымаў. Юрыдычна іх не рэгістравалі, рабілі з цябе проста дурня. Запалохвалі тым, што за адмову пагражае тэрмін да 15 гадоў пазбаўлення волі".

"Бросили как мясо": как живут оккупанты в украинском плену
Юрый Жукаў на спартыўнай пляцоўцы ў лагеры / Дзмітрый Ганчар / hromadske

Жукаў адзначае, што яго рота, якая з'яўляецца фарміраваннем 7-га асобнага мотастралковага палка вайсковай часткі № 06414, каля паўгода знаходзілася ў Харкаўскай вобласці паблізу пасёлка Вярбоўка. За гэты час ён і яго калегі неаднаразова прасілі камандзіраў вярнуць іх дадому, але ніхто не слухаў.

"Усе фізічна і маральна стаміліся, знясіленыя былі, пільнасць страцілі. Прайшло паўгода, а нас чамусьці не мяняюць. Я кажу: адмаўляюся ваяваць супраць Украіны, таму што ніякіх бандэраўцаў і ніякіх груповак (нацысцкіх. — Рэд.) я не назіраў. Калі мы павінны абараняць Данецк і Луганск, то якім чынам расійскія войскі апынуліся ў Харкаве, Балаклеі, Чарнігаве? Нам сказалі: "Вы тут да канца, будзеце сядзець да вясны"".

У іх, кажа Юры, адабралі мабільныя тэлефоны. Так што ён нават не мог патэлефанаваць родным. Цяпер у яго такая магчымасць ёсць. Раз на тыдзень тэлефануе па тэлефоне жонцы.

"Мяне вельмі не задавальняе, што нейкага Медзведчука памянялі на 200 чалавек. Мы не расходны матэрыял. Таму перш чым узяць у рукі зброю, трэба спачатку пра гэта добра падумаць. Пра сваіх родных, блізкіх, пра маці і жонку. Камандаванню ты патрэбен, пакуль ты на нагах. Калі з табой што-небудзь здарыцца, табе ніхто з таварышаў па службе шклянку вады не падасць. Гэта горкая праўда, яе трэба прымаць".

Пакуль мы размаўляем з Юрыем, іншыя палонныя гуляюць у футбол. Каб вызначыць, дзе свой, а дзе чужы, гульцы адной каманды надзяваюць кепкі задам наперад.

"Бросили как мясо": как живут оккупанты в украинском плену
Расійскія палонныя гуляюць у футбол / Дзмітрый Ганчар / hromadske

"Тут строгі распарадак. З боку адміністрацыі вядзецца жорсткі кантроль за кожным вайскоўцам, пастаянныя пастраенні ў 6 раніцы, у 9 раніцы. Калі нарады мяняюцца, яны правяраюць людзей па прозвішчах", — адзначае Жукаў.

У войска за чарку

Пасля размовы мужчына просіць цыгарэту. Убачыўшы, што можна разжыцца тытунём, тых, хто жадае пагаварыць з намі, становіцца больш. Некалькі мужчын па чарзе распавядаюць свае гісторыі.

Сяргей Русанаў з Арлоўскай вобласці скардзіцца, што "таварышы па зброі" кінулі яго на волю лёсу, калі Узброеныя сілы Украіны пайшлі ў наступ. Распавядае, што працаваў у будаўнічым батальёне і падчас працы спатыкнуўся аб цагліну ды гэтак пашкодзіў нагу, што не мог скрануцца з месца.

"Мяне кінулі з гэтай нагой. Я не мог хадзіць. Калі вашы пачалі закідваць мінамі, мяне пасадзілі ў машыну, а яна затрымалася. Я там суткі прасядзеў, пакуль не падышоў ваш усэушнік".

Большасць палонных распавядаюць гісторыі, спрабуючы апраўдацца. Усе як адзін сцвярджаюць, што іх адправілі на вайну сілай. І што яны зусім не ваявалі. Хтосьці гатаваў ежу, хтосьці капаў акопы, хтосьці будаваў. А зброя — гэта не да іх і не пра іх.

Русанаў кажа, ён на фронт трапіў праз п'янства.  

"Быў п'яны, прыехала міліцыя, забрала. У міліцыі паказалі пакуначак, з чым — не ведаю. Проста спыталі: "Ведаеш, што там такое, ці не?" Можа, там мука была ці пральны парашок. Я дакладна не ведаю, што там было. І сказалі: “Або едзь ва Украіну на тры месяцы. Або мы цябе ў турму пасадзім на чатыры гады"".

"Бросили как мясо": как живут оккупанты в украинском плену
Сяргей Русанаў у лагеры для ваеннапалонных / Дзмітрый Ганчар / hromadske

Сяргей кажа, што гэтак жа, як яго, ваяваць з украінцамі хацелі адправіць і стрыечнага брата — пагражалі пасадзіць за захоўванне наркотыкаў, але той выкруціўся. У цэлым, распавядае Русанаў, сярод палонных няма нікога, хто падтрымліваў бы вайну і Пуціна. Усе яны супраць, але ўсё чамусьці апынуліся са зброяй у чужой краіне.

"Гэта дурдом, навошта гэта ўсё? Мабілізацыя? Спачатку алкашоў забралі (у войска. — Рэд.), а затым мабілізацыю абвясцілі. Хоць каго з палонных спытаеце — падтрымкі няма ніякай. Усе хочуць дадому. Кінулі як мяса. Навошта толькі вось гэта — незразумела. Што ён хацеў ад Украіны, гэты Пуцін, — я не ведаю".

Абедзенны перапынак

На абед палонных калонай заводзяць у сталовую. Яны выстройваюцца і дысцыплінавана чакаюць каманды пачаць трапезу. Большасць стаіць з апушчанай галавой. "Сорамна глядзець у вочы ўкраінцам", — тлумачыць адзін з чаргі.

Мікіта Высоцкі — украінец з Луганска, мабілізаваны ў войска так званай "ЛНР". Ён працуе на кухні: "У мае абавязкі ўваходзіць раздача ежы, гатаванне бульбы, чыстка гародніны і прыбіранне залы".

Пах тут — як у школьнай сталоўцы. У той дзень, калі мы прыехалі ў лагер, на абед былі суп, бульба з мясам, салата з капусты і вялікі кавалак хлеба.

"Бросили как мясо": как живут оккупанты в украинском плену
Абед у лагеры для ваеннапалонных / Дзмітрый Ганчар / hromadske

"Вельмі смачна, тут добра кормяць. На вячэру даюць кашу з рыбай, чай, хлеб", — расказвае палонны Руслан Абілаў.

"Лепш працаваць малатком, чым бегаць з аўтаматам"

Палонныя тут працуюць па 8 гадзін на суткі. Збіраюць драўляныя паддоны, робяць палкі для падтрымкі пакаёвых раслін. Ім за гэта плацяць грошы. На іх яны могуць купіць сабе ў лагернай краме мыла, чай, нешта салодкае.

"Бросили как мясо": как живут оккупанты в украинском плену
Расійскія палонныя падчас працы / Дзмітрый Ганчар / hromadske

"Калі працуеш, час ідзе хутчэй. Напэўна, я лепш папрацую малатком, чым пабегаю з аўтаматам", — распавядае 20-гадовы Данііл Карнілаў. Ён з Далёкага Усходу, дрэнна ведае нават рускую — пастаянна дапускае памылкі. У войска пайшоў, бо з дзяцінства марыў "абараняць Радзіму", а цяпер запэўнівае, што адчувае сорам і наогул шкадуе, што трапіў у шэрагі расійскага войска.

"Сорамна за марадзёрства, за ваенныя злачынствы. Яшчэ і афіцэры вельмі не паважаюць сваіх салдат. Гэта мне распавядала большасць палонных, з якімі давялося сустракацца. Бывае, што афіцэр проста іх узвод кідае і сыходзіць, гэта ўчынак сапраўднага баязліўца", — лічыць Карнілаў.

"Сваіх не кідаем?"

Падобную гісторыю распавядаюць і салдаты ў санчастцы. Тут яны папраўляюцца пасля атрыманых раненняў у баі. Святаслаў Быстроў трапіў у палон у Харкаўскай вобласці ў мінулым месяцы. Расказвае, што на фронце папраўляў вузлы сувязі. А падчас бою не бачыў ніводнага афіцэра.

"Камандаванне нас кінула. На 24-е чысло (верасня. — Рэд.), калі была бітва ў Пясках-Радзькоўскіх (сяло ў Ізюмскім раёне. — Рэд.), мы ўжо былі ў шчыльным коле, і адтуль ужо выехаць было проста немагчыма. У коле мы былі з 22 чысла, то-бок два дні. І пра гэта ў агульным зусім не ведалі. То-бок камандаванне павінна было пра гэта ведаць. Я думаю, што яны сышлі раней", — лічыць Быстров.

Тады Святаслаў атрымаў раненне ў нагу, а свой камплект для перавязкі аддаў таварышу яшчэ ў пачатку бою. Расказвае, як яму аказвалі першую дапамогу:

"Мяне закінулі ў МТЛБ. Там нічога з медыцыны не было. Знайшлі ў адной з аптэчак маленькую кнігу, якая называлася "Мусульманскія малітвы". Яе на рану наклалі і тоненькім пластырам заляпілі".

Ён і яшчэ сем параненых расійскіх вайскоўцаў заставаліся амаль суткі ў бронетранспарцёры. За ноч трое памерлі ад раненняў. А кіроўцы, па словах Быстрова, кудысьці зніклі.

У той жа палаце ляжыць Рыгор Сямёнаў, які служыў у 12-м танкавым палку вайсковай часткі №31985 у Маскоўскай вобласці. Ён таксама атрымаў раненне ў Харкаўскай вобласці ў мінулым месяцы. У яго прастрэленыя локаць і калена. Кажа, што апошні раз трымаў зброю ў руках у студзені падчас прысягі. А на вайне, запэўнівае, папраўляў вузлы сувязі. Да таго як трапіць у войска, працаваў каліграфістам, але прыйшла позва, і адправіўся на тэрміновую службу. У яго частцы ўсіх тых, хто на тэрміновай службе 4 месяцы, прымушалі падпісваць кантракт і ехаць на вайну.

"Спачатку агітавалі заработнай платай, казалі, як там добра. Паколькі я служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння, то абяцалі, што гэта будзе ахова СПА, праца ў ангарах, у тыле, "ворага вы ніколі не ўбачыце". Замануха. Ніхто не згаджаўся, а потым прыйшоў загад аб тым, што трэба набіраць людзей. Добраахвотна-прымусова падпісвалі кантракт".

"Бросили как мясо": как живут оккупанты в украинском плену
Расійскія палонныя з раненнямі ў санітарнай частцы / Дзмітрый Ганчар / hromadske

"Не хочаш ваяваць? 10 гадоў турмы". Мабілізацыя ў "Л/ДНР"

Амаль палова палонных у лагеры — выхадцы з Данбаса. Мужчыны, з якімі пагутарыла hromadske, распавядаюць, што іх мабілізавалі сілай. Сяргею Галонскаму — 47. Шмат гадоў адседзеў у турме, але турма ад войска так званай "ДНР" яго не выратавала.

"Увечары пасварыўся з жонкай, выклікалі міліцыю. Прыехала міліцыя, мяне забралі, замест участка адвезлі ў ваенкамат. Да раніцы там пратрымалі. Раніцай пад канвоем адвялі на прызыўны пункт. Пад канвоем пасадзілі ў аўтобус, адвезлі ў Янакіева, пераапранулі. Я сказаў, што ў мяне няма дакументаў, а мне на гэта: "Я"ны табе не спатрэбяцца. Я сказаў, што адседзеў 17 з паловай гадоў у турме, які з мяне воін? Мне сказалі: "Будзеш ваяваць — усё ў цябе будзе добра, не хочаш ваяваць — 10 гадоў турмы"".

На фронце, кажа Сяргей, ён гатаваў. Калі пачаўся наступ УСУ, яму загадалі сабраць сухпайкі, ён затрымаўся, а калегі з'ехалі без яго.

"Атрымліваецца, што мяне кінулі. За гэта я вельмі ўдзячны свайму камандзіру ўзвода. Ну, вы разумееце, у якім сэнсе ўдзячны", — распавядае Галонскі.

Да нас падыходзіць яшчэ адзін палонны. Віталь Волкаў — луганчанін. Расказвае, як яго забралі ў "армію ЛНР". Кажа, што прыйшоў на шахту ўладкоўвацца на працу, а адтуль яго сілком адправілі на фронт. Волкаў просіць перадаць прывітанне сваёй маме, паколькі не памятае яе нумар тэлефона.

"Бросили как мясо": как живут оккупанты в украинском плену
Віталь Волкаў ва ўкраінскім палоне / Дзмітрый Ганчар / hromadske

"Мама, прывітанне. Знаходжуся некалькі месяцаў у палоне ва Украіне. Тут нармальная ежа, нармальныя людзі, добры ложак, шмат вольнага часу. Спадзяюся, убачымся ў будучыні".

Пры падтрымцы "Медыясеткі"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі