Пуцін расказаў пра ўдар па Дняпры эксперыментальнай расійскай ракетай "Арэшнік"
Уладзімір Пуцін, ілюстрацыйнае фота
Расія правяла выпрабаванне найноўшай балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці "Арэшнік", ударыўшы па Дняпры. Пра гэта заявіў увечары 21 лістапада Уладзімір Пуцін у сваім відэазвароце.
"Выпрабаванні прайшлі паспяхова. Мэта пуску дасягнутая", — канстатаваў ён. Пуцін сказаў, што ўдар па аб'екце абаронна-прамысловага комплексу ў Дняпры быў нанесены балістычнай ракетай у бяз'ядзерным гіпергукавым абсталяванні.
Процідзеяння ракетам "Арэшнік", як заявіў Пуцін, на сёння няма, бо яны ляцяць "з хуткасцю 10 махаў, гэта 2,5-3 кіламетры за секунду. Сучасныя наяўныя ў свеце сродкі супрацьпаветранай абароны і ствараныя амерыканцамі сістэмы супрацьракетнай абароны ў Еўропе падобныя ракеты не перахопліваюць". Ён паабяцаў, што Расія будзе папярэджваць мірных жыхароў пра такія ракетныя атакі.
Выпрабаванне "Арэшніка" Пуцін назваў адказам на украінскія ракетныя атакі 19 і 21 лістапада. Тады УСУ атакавалі цэлі ў Бранскай і Курскай абласцях з выкарыстаннем амерыканскіх ракет ATACMS і франка-брытанскіх Storm Shadow (SCALP). Кіраўнік Расіі паведаміў, што ў выніку атакі па камандным пункце ў Курскай вобласці ёсць загінулыя і параненыя, а ад атакі ў Бранскай вобласці ніхто не пацярпеў.
Паведамленні пра расійскую атаку міжкантынентальнай балістычнай ракетай з'явіліся зранку ў чацвер. Украінскі бок паведамляў, што яна запушчаная па Дняпры з тэрыторыі Астраханскай вобласці РФ. Украінскія вайскоўцы сцвярджалі, што істотных наступстваў у выніку ракетнага здару не было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.