Што вядома пра ракету “Арэшнік” — зброю, якой Пуцін пагражае краінам Захаду
Новая зброя Крамля можа апынуцца фейкам / Midjourney AI
Учора Уладзімір Пуцін выступіў з прамовай перад расійскім войскам. Нагодай для выступу стаў дазвол адміністрацыі Джо Байдэна на выкарыстанне УСУ далёкабойных амерыканскіх ракет для ўдараў па тэрыторыі Расіі. Адказам на гэта, паводле слоў аўтакрата, стаў удар па Украіне "Арэшнікам" — новай балістычнай ракетай у бяз'ядзерным варыянце.
Еўрарадыё распавядае, што вядома пра гэтую зброю.
Тры кіламетры за секунду
Тэхнічныя характарыстыкі “Арэшніка” зараз невядомыя — ракета не была запушчаная ў вытворчасць. Таму прыводзім апісанне, якое агучыў сам Пуцін падчас выступу.
Паводле яго словаў, ракетная сістэма атакуе цэль з хуткасцю 10 махаў, то бок два з паловай — тры кіламетры за секунду. І сродкаў процідзеяння ёй зараз не існуе.
“Сучасныя наяўныя ў свеце сродкі супрацьпаветранай абароны і ствараныя амерыканцамі сістэмы супрацьракетнай абароны ў Еўропе падобныя ракеты не перахопліваюць. Гэта выключана”, — сказаў Пуцін.
Расія будзе папярэджваць мірных жыхароў пры выпрабаванні такіх сістэм, як “Арэшнік”. Пуцін таксама дадаў, што гатовы ўжыць “Арэшнік” супраць вайсковых аб'ектаў краін, якія дазваляюць ужываць сваю зброю супраць расійскіх аб'ектаў, намякаючы на ЗША, Вялікабрытанію, Францыю.
Папярэдзім, што ўсё сказанае Пуціным варта ўспрымаць крытычна, як элемент ідэалагічнай прапаганды.
Як прайшло выпрабаванне ракеты
Сапраўды, раніцай 21 лістапада Паветраныя сілы УСУ паведамілі, што расійскія войскі атакавалі Украіну міжкантынентальнай балістычнай ракетай.
Удар адбыўся ў горадзе Днепр, па вайскова-абарончым прадпрыемстве “Южмаш”, якое вырабляе ракетна-касмічную тэхніку.
Паводле слоў украінскіх вайсковых, атака не прывяла да істотных наступстваў.
Ці існуе ўвогуле “Арэшнік”
Галоўнае пытанне, якім зараз задаюцца аналітыкі, — ці існуе ўвогуле той “Арэшнік” і колькі праўды ў словах Пуціна.
Крыніца выдання Бі-бі-сі ва ўрадзе ЗША паведаміла, што балістычная ракета, запушчаная Расіяй, эксперыментальная. Вось толькі яна не міжкантынентальная, як спачатку казаў Генштаб УСУ, а сярэдняга радыусу дзеяння.
А таксама, што ў Крамля ў наяўнасці толькі “жменя гэтых эксперыментальных ракет”, а па Украіне білі снарадамі з куды больш моцнымі боегалоўкамі. Эксперт Бі-бі-сі прыходзіць да высновы, што заява Пуціна і атака Дняпра не болей, чым блеф.
“Расія паспрабуе выкарыстаць гэтую новую магчымасць для запалохвання Украіны і яе прыхільнікаў і прыцягнення да сябе ўвагі ў інфармацыйнай прасторы, але гэта не зменіць ход гульні”, — падкрэслівае крыніца
Таксама магчыма, што замест прывіднага “Арэшніка” Расія магла ўдарыць па Дняпры ракетай РС-26 “Рубеж”. Пра гэта раней пісаў шэраг вайсковых тэлеграм-каналаў.
Яшчэ адну версію падкінула Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны. Як мяркуюць сілавікі, па Дняпры ўдарылі не “Арэшнікам” і не “Рубяжом”, а ракетным комплексам “Кедр”.
Час падлёту ракеты з моманту запуску з Астраханскай вобласці да яе траплення ў горад Днепр склаў усяго 15 хвілін. На ракеце было ўстаноўлена шэсць баявых частак, кожная з якіх утрымлівала шэсць суббоепрыпасаў. Хуткасць ракеты на канчатковым участку траекторыі перавышала 11 махаў.
Выпрабаванні гэтага комплексу праходзілі на палігоне Капусцін Яр у Астраханскай вобласці ў кастрычніку 2023 года і чэрвені 2024 года.
Пакуль няма адназначнага адказу, якую ж зброю насамрэч ужыла Расія ўчора ў Дняпры.
“Я вельмі хацеў бы ведаць, што такое “Арэшнік”
Ваенныя эксперты пакуль таксама не вельмі разумеюць, ці існуе насамрэч гэты таямнічы “Арэшнік”.
Ваенны эксперт Юрый Фёдараў выказаў думку, што “Арэшнік” — гэта насамрэч карабельная ракета “Цыркон”. Сваёй думкай мужчына падзяліўся на ютуб-канале “Грымнуў Грэм”.
“Я вельмі хацеў бы ведаць, што такое “Арэшнік”. Проста праз прафесійную цікаўнасць. Што я магу дапусціць — гэта гіпергукавая ракета, якая праляцела прыкладна 800 кіламетраў ад месца пуску. У Расіі ёсць такая ракета, аб’яўленая гіпергукавай — гэта “Цыркон”, ракета карабельнага базавання, якую пры жаданні можна запускаць у тым ліку з сушы, калі належным чынам прыстасаваць. Ёй можна біць на адлегласць да тысячы кіламетраў”.
Ствараць другую гіпергукавую ракету эксперт лічыць немэтазгодным марнаваннем часу і рэсурсаў. Ды і перахапіць такую ракету цалкам магчыма.
“Адказ — так, можна. Ракету, магчыма, некалькі разоў перахоплівалі СПА Украіны. Але гэта можна зрабіць праз сістэмы Patriot ці больш сучасныя ў тэхналагічным сэнсе аналагі. Такія сістэмы Украіна мае, але іх мала”.
Той факт, што ўдар па Дняпры Пуцін назваў “выпрабавальным пускам”, эксперт лічыць сведчаннем спешкі Крамля.
“У Пуціна і яго ваена-прамысловага комплексу катэгарычна не хапае часу, бо выпрабоўваць эксперыментальную зброю супраць баявой цэлі можа быць сабе даражэй. <...> Значыць, трэба было нешта хутка прад’явіць Захаду, каб пацвердзіць, што Расія можа нанесці сваім ворагам непапраўную шкоду”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.