Зорка кліпа "Шчучыншчына" сумесна з мужам запісала альбом Arka

Міхась Зуй і Алена Зуй-Вайцяхоўская

Міхась Зуй і Алена Зуй-Вайцяхоўская / Вікторыя Адамава

Артысты Алена Зуй-Вайцяхоўская, вядомая як выканаўца хіта “Шчучыншчына” ў вобразе спявачкі Алены Жалудок, і Міхась Зуй, экс-купалавец і сааўтар ютуб-праекта "ЧынЧынЧэнэл", выпусцілі альбом Arka.

Над гучаннем плыткі працаваў гукарэжысёр Віталь Кулеўскі, у супрацоўніцтве з якім раней з’явіліся альбомы гуртоў ili-ili, “Дзецідзяцей” і першы альбом Zui “Вопрос”.

“У сцэнарнай справе ёсць такі тэрмін — арка персанажа. Ён азначае шлях, што прайшоў герой, ягоную трансфармацыю. Так сталася, што некаторыя песні з нашага альбома мы напісалі даўно, у Беларусі. Тады мы былі толькі ў пачатку тых трансфармацый, што з намі адбыліся. І пра гэта наш альбом — стан чалавека на парозе перамен", — кажа Міхась.

“Гэты альбом — сувязь з мінулым, гэта тая арка, што спалучае нас цяперашніх з тымі намі, якімі мы былі да эміграцыі і вайны”, — дадае Алена.

У параўнанні з дэбютным альбомам Arka атрымалася больш змрочнай і танцавальнай. Агрэсіўны біт спалучаецца з пяшчотай спеваў, а настальгічны сінцівэйв — як адгалосак юнацтва — падкрэслівае іранічнасць тэкстаў.

“Напэўна, мы яшчэ не адзін год спявалі б песні выключна сабе пад нос і для сяброў. Але Павел Станкевіч з фундацыі “Tutaka” прапанаваў зрабіць наш альбом падчас рэзідэнцый Тэатральнага інстытута імя Збігнева Рашэўскага і Дому творцаў у Беластоку”, — гаворыць Алена.

Альбом “Arka” таксама даступны для праслухоўвання на іншых стрымінгавых платформах: 

Spotify

Amazon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі