У Польшчы задавальняюць 86% прашэнняў беларусаў аб дазволе на жыхарства
Дакументы, ілюстрацыйнае фота / mm-biuro.pl
У Польшчы 86% прашэнняў беларусаў аб дазволе на жыхарстве ўсіх відаў атрымліваюць станоўчы адказ. На такую статыстыку Упраўлення па справах замежнікаў звярнула ўвагу выданне MOST.
За студзень-травень 2026 года беларусы атрымалі 12,1 тыс. станоўчых рашэнняў. Адмовы атрымліваюць менш за 10% заяўнікаў . Астатняе складаюць справы, па якіх прыпынены разгляд.
У просьбах пра часовую карту пабыту адмовы складаюць найменшую колькасць. Так, сёлета за пяць месяцаў пазітыўныя адказы па такіх прашэннях атрымалі 10,1 тыс. чалавек, або 87,9% ад усіх разгледжаных спраў. Адмовы склалі 8,4%, астатнія справы прыпынілі.
У прашэннях пра пастаянны дазвол на жыхарства доля адмоваў складае 17,1%, а станоўчых рашэнняў — 77,1%. Па гэтым ДНЖ беларусы за пяць месяцаў атрымалі 1,6 тыс. пазітыўных рашэнняў.
Таксама пазітыўныя рашэнні за студзень травень вынесеныя па 380 заявах на карту доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС. Гэта складае 78,2% ад усіх разгледжаных спраў. Адмоўныя рашэнні склалі 11,1%.
У сярэднім за месяц ўпраўленні выносяць па справах беларусаў каля 2,4 тыс. пазітыўных рашэнняў.