У Францыі за шпіянаж затрымалі грамадзяніна Беларусі каля завода па вытворчасці дронаў
Французская паліцыя, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
Каля завода французскай кампаніі Delair, якая займаецца вытворчасцю беспілотнікаў і пастаўляе іх Украіне, затрымалі беларуса. Мужчына здымаў на камеру прататып дрона, піша газета Le Parisien са спасылкай на крыніцы.
Беларуса бачылі каля прадпрыемства некалкі разоў. Пры затрыманні ў яго знайшлі, як паведамляецца, "перадавое абсталяванне". Знятае відэа ён адправіў расіяніну.
Арыштавалі нашага суайчынніка па падазрэнні ў шпіянажы і грубым парушэнні правілаў знаходжання ў закрытай зоне абароннай вытворчасці.
За некалькі дзён да гэтага, 1 чэрвеня, невядомыя кінулі некалькі кактэйляў Молатава ў заднюю частку будынка завода Delair. Бутэлькі, як паведамляецца, не выбухнулі, значнай шкоды прадпрыемства не атрымала.
Следчыя высвятляюць, ці звязаныя паміж сабой гэтыя два інцыдэнты.