19-гадовы хлопец пагражаў нажом беларусу і ўкраінцы ў Варшаве
Затрыманне нападніка
Паліцыя Варшавы затрымала 19-гадовага хлопца, які пагражаў украінцы і беларусу. Яму не спадабалася, што яны гавораць на чужой для яго мове, пра гэта піша "Мост".
Інцыдэнт адбыўся ўвечары 18 лістапада. Украінку і беларуса хлопец убачыў на другім баку вуліцы.
Іх размова раз'юшыла хлопца: спачатку ён стаў абражаць іх і крычаў, каб тыя вярталіся ў сваю краіну, а пасля стаў пагражаць збіццём і забойствам.
Завязалася бойка, і паляк у выніку ўцёк. Пара патэлефанавала ў паліцыю і паведаміла пра здарэнне. Праз некаторы час паляк сам вярнуўся да хостэла, дзе разбіў шкло ўваходных дзвярэй.
Пасля гэтага яго затрымалі паліцэйскія. Пры сабе ў яго знайшлі складаны нож і даставілі ў пастарунак. Там яго праверылі на цвярозасць — тэст паказаў 1,3 праміле. Ноч маладому чалавеку давялося правесці ў паліцэйскім участку.
Следчыя ўзялі паказанні ў пацярпелых і апыталі сведак. Парушальнік абвінавачваецца ў пагрозе забойствам на нацыянальнай глебе, а таксама ў псаванні маёмасці. Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.