Абмежаванні па пастаўках сельгаспрадукцыі ў Расію могуць зняць у красавіку

Абмежаванні па пастаўках сельгаспрадукцыі ў Расію могуць зняць у красавіку

Беларусь разлічвае зняць абмежаванні па пастаўках сельгаспрадукцыі ў Расію да канца красавіка. Пра гэта паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц. Паводле яго слоў, на гэтым тыдні айчынныя прадпрыемствы, якія часова не могуць прадаваць сваю прадукцыю на рынку ўсходняй суседкі, наведаюць спецыялісты Рассельгаснагляду. Гаворка ідзе пра 8 мясакамбінатаў, 3 буйныя птушкафабрыкі і 12 малочных кампаній. Пры гэтым апошнія былі закрытыя для паставак у Расію яшчэ са жніўня мінулага года.
 
Як інфармуе тэлеканал “Беларусь 1”, беларускія прадпрыемствы не будуць судзіцца з расійскім бокам, усё вырашыцца па выніках работы інспекцыі.

"Чакаем прадстаўнічую інспекцыю з боку Міністэрства РФ па праверцы нашых перапрацоўчых прадпрыемстваў, — гаворыць міністр. — Акрамя гэтага, мы ставім пытанне такім чынам, каб усе прэтэнзіі, якія выстаўляюцца Рассельгаснаглядам, былі аператыўна разгледжаныя службамі і Рэспублікі Беларусь, і Расійскай Федэрацыі, каб не зацягваць гэта на вялікі тэрмін. Нам дастаткова 10-12 дзён, каб разгледзець гэтыя прэтэнзіі".

Акрамя гэтага, напярэдадні ішла размова наконт стварэння сумесных селекцыйна-генетычных цэнтраў, іх праца дазволіць скараціць імпарт племянной прадукцыі. Па словах Зайца, гэтае пытанне разгледзяць на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы, які пройдзе ў другой палове красавіка ў Расіі. Тады ж бакі ўзгодняць гандлёвыя балансы на 2017 год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі