Ад тураператара "Аўрора Тур" пацярпелі больш за 20 чалавек
Ад дзеянняў тураператара "Аўрора Тур" пацярпелі не менш за 20 чалавек. Такую лічбу называў намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Міхаіл Партны.
"Па апошніх звестках, пацярпеў 21 чалавек. Цяпер гэтая справа вывучаецца кампетэнтнымі органамі, але ў цэлым на турыстычным рынку ніякай панікі няма. Сітуацыя з гэтай кампаніяй адзінкавая, і ніякай ланцуговай рэакцыі з ашуканскімі схемамі не будзе", — перадае БЕЛТА словы чыноўніка.
Паведамляецца, што туркампанія "Аўрора Тур" прыпыніла сваю дзейнасць. Праваахоўнікі вывучаюць дакументы фірмы. Мяркуецца, што з грашыма турыстаў мог уцячы адзін з замежных удзельнікаў ашуканскай схемы.
Раней Еўрарадыё распавядала, што быў сарваны адпачынак турыстаў, якія адпраўляліся з дапамогай "Аўроры Тур" у Мексіку і Дамініканскую Рэспубліку. Дырэктар кампаніі знік, цэнтральны офіс турфірмы апынуўся зачыненым.
Па словах Міхаіла Партнога, Мінспорту гатовае кансультаваць усіх пацярпелых і аказваць ім прававую дапамогу.