"Адказнай за амністыю" ўлады прызначылі Ганну Канапацкую

Ганна Канапацкая / Еўрарадыё
Ганна Канапацкая / Еўрарадыё

Экс-кандыдатка ў прэзідэнты Ганна Канапацкая прызначаная "адказнай за палітычную амністыю", піша "Наша Ніва". Яна актыўна кантактуе з заходнімі дыпламатамі і палітыкамі па гэтым пытанні.

У каментары "НН" яна паведаміла, што гаворка на сёння ідзе пра амністыю прыкладна для васьмі тысяч чалавек.

Журналісты "НН" спыталіся, на вызваленне каго варта спадзявацца: журналістаў, палітыкаў, прафсаюзных і грамадскіх актывістаў, удзельнікаў пратэстаў?

"Я вельмі спадзяюся на вызваленне максімальнай колькасці вамі пералічаных асобаў. Аднак кожны закон аб амністыі вызначае пэўнае кола асобаў, у дачыненні да якіх ён падлягае прымяненню, а таксама кола асобаў, на якіх не распаўсюджваецца. Цяпер над гэтым вядзецца праца", — адказала яна.

Па словах Канапацкай, пры прыняцці рашэння ўлады не будуць улічваць статус палітвязняў, якіх прызналі праваабаронцы. Таксама, кажа яна, не будуць улічвацца і іншыя крытэрыі — "напрыклад, пазіцыя краінаў Захаду".

Канапацкая сцвярджае, што заходнія дыпламаты і палітыкі пазітыўна ацэньваюць будучую амністыю і яна "адкрывае дадатковыя магчымасці ў аднаўленні поўнамаштабных адносін".

Яна нагадвае, што пра амністыю казала ў сваім выступе на ​​Усебеларускім народным сходзе, які адбыўся пасля выбараў-2020.

"Асноўныя мэты, якія пераследую я, працуючы па пытанні амністыі, гэта вызваленне людзей, якія апынуліся ў зняволенні за свае апазіцыйныя перакананні альбо за праявы палітычнай актыўнасці, і магчымасць аднавіць грамадзянскую згоду ў нашым грамадстве", — кажа Канапацкая.

Пры гэтым яна дадае, што ніякай "лібералізацыі" рэжыму не будзе: "Пабудаванае на першапачатковай перадвыбарнай хлусні пракрамлёўскіх паліттэхнолагаў пра 97% будзе знішчацца".

Дарэчы, нядаўняе вызваленне журналіста Алега Груздзіловіча і праваабаронцы Таццяны Ласіцы з амністыяй не звязаныя, падкрэслівае Канапацкая. Іх вызвалілі праз "памілаванне".
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі