Адмысловы дакумент і $22 на дзень. Як прыехаць на Аўгустоўскі канал без візы
Для бязвізавага наведвання Аўгустоўскага канала замежнікам будуць выдаваць адмысловы дакумент. Гэта вынікае з Палажэння "Аб парадку наведвання замежнымі грамадзянамі спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку "Аўгустоўскі канал" і прылеглых да яго тэрыторый у турыстычных мэтах на тэрмін да 5 сутак", зацверджанага пастановай Савета міністраў ад 17 кастрычніка 2016 года №827.
Для бязвізавага ўезду ў Беларусь на тэрмін да 5 сутак замежніку неабходна мець з сабой:
- пашпарт (ці іншы дакумент для выезду за мяжу);
- дакумент, які дае права на наведванне Аўгустоўскага канала (яго выдае тураператар, а пастанова Саўміна зацверджае формы такіх дакументаў);
- грошы на знаходжанне ў Беларусі і выезд з краіны: па 42 рублі ($22) на кожны дзень.
З Польшчы на Аўгустоўскі канал можна прыехаць праз пункты пропуску "Лясная" ("Рудаўка") і "Брузгі" ("Кузня Беластоцкая"); з Літвы — праз пункты пропуску "Прывалка" ("Швяндубрэ") і "Прывалка" ("Райгардас").
У дакуменце на права наведвання Аўгустоўскага канала тураператар указвае імя і прозвішча турыста, дату нараджэння, грамадзянства (падданства), пашпартныя звесткі, пол. Замежнікі павінны паведаміць усё гэта тураператарам у электроннай ці пісьмовай форме. Органы памежнай службы павінны атрымаць звесткі пра асобаў, якія маюць дакумент на права наведвання Аўгустоўскага канала, не пазней за 24 гадзіны да меркаванага часу іх ўезду ў Беларусь.
Згублены дакумент можна замяніць дублікатам. Ён таксама выдаецца тураператарам, але калі турыст зразумеў, што страціў дакумент, ён павінен звярнуцца ў бліжэйшы орган унутраных спраў.
Замежныя турысты, якія наведваюць Аўгустоўскі канал без візаў, абавязаны выехаць з Беларусі да заканчэння 5-дзённага тэрміну. У выпадках стыхійных бедстваў, аварый ці надзвычайных сітуацый, хваробы, стану здароўя ці iншых непрадбачаных абставінаў тэрмін часовага знаходжання і рэгістрацыі можа быць прадоўжаны, але турысту будзе выдадзеная віза.
Кантраляваць "бязвізавых" наведнікаў Аўгустоўскага канала, будуць органы ўнутраных спраў Беларусі ва ўзаемадзеянні з органамі пагранслужбы, дзяржбяспекі і Міністэрствам замежных спраў. Турыстаў, якія перавысяць пяцідзённы тэрмін знаходжання ў Беларусі ці ўвогуле адмовяцца выязджаць з нашай краіны, могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.
Пастанова Саўміна ўступіць у сілу з 26 кастрычніка 2016 года і будзе дзейнічаць да 31 снежня 2017 года. Пра гэта паведамляе БелТА.