Адвакаты правядуць бясплатныя кансультацыі па “дэкрэце аб дармаедах”
Беларускія адвакаты 1 сакавіка правядуць акцыю, падчас якой будуць прымаць грамадзян для аказання бясплатнай дапамогі ў пытаннях, звязаных з дэкрэтам №3 “Аб перадухіленні сацыяльнага ўтрыманства”. Пра гэта БЕЛТА паведамляе са спасылкай на чальца Савета Рэспублікі Віктара Чайчыца.
Са словаў сенатара, на сёння адпрацаваны дакладны механізм для вызвалення ад уплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў у выпадку складанай жыццёвай сітуацыі. На месцах гэтае пытанне не заўсёды вырашаецца правільна і своечасова, таму і праводзіцца акцыя з бясплатнай юрыдычнай дапамогай па “дэкрэце аб дармаедах”.
Грамадзянам сярод іншага дапамогуць скласці заявы аб вызваленні ад збору ў сувязі са складанай жыццёвай сітуацыяй.
“Дэкрэт аб дармаедах” быў прыняты ў 2015 годзе. У канцы 2016 года падаткова пачала рассылаць паведамленні грамадзянам, якія падпадаюць пад дзеянне дакумента. У Мінску і ў рэгіёнах адбыліся акцыі пратэсту, удзельнікі якіх патрабавалі адмяніць дэкрэт.