Адвакаты з Літвы могуць абараняць абвінавачаных за Плошчу
У выпадку адмовы беларускіх адвакатаў абараняць сваіх кліентаў, такую абарону могуць ажыццяўляць адвакаты з Літвы.
Пра гэта БелаПАН паведаміла выканаўчы дырэктар Міжнароднага дабрачыннага фонду "Абаронца" Святлана Дваранінава.
Па яе словах, пасля звароту фонду "Абаронца" да сваякоў і блізкіх абвінавачаных і падазраваных па справе пра масавыя беспарадкі, з просьбай у поўнай меры выкарыстоўваць свае правы, ў фонд паступілі шматлікія лісты грамадзян Беларусі. "Шматлікія з гэтых скарг датычыліся таго, што беларускія адвакаты адмаўляліся ажыццяўляць абарону па так званай "справе пра масавыя беспарадкі", — адзначыла Дваранінава.
"Абаронца" тлумачыць, што Крымінальна-працэсуальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ўдзел у якасці абаронцаў у крымінальным працэсе нароўні з беларускімі адвакатамі "грамадзян іншых дзяржаў у адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь".
"Мы звярнуліся ў Мінюст Беларусі з запытам, грамадзяне якіх дзяржаў могуць абараняць у судах Беларусі беларускіх грамадзян. Нам быў дадзены адказ, што існуе толькі адна краіна, якая мае магчымасць аказання такой дапамогі грамадзянам Беларусі, — Літва", — сказала Дваранінава.
У сувязі з гэтымі акалічнасцямі фонд "Абаронца" рэкамендуе скласці дамовы з адвакатамі Літвы, заявіла Дваранінава.