Афрыканскую чуму беларусы шукаюць у свініне, а расіяне знаходзяць у каўбасе
Геном афрыканскай чумы свіней расіяне знайшлі ў каўбасе 4 беларускіх мясакамбінатаў. “Яны самі вынайсцілі такую методыку”, - адказваюць вытворцы.
На гэты раз геном чумы свіней расіяне адшукалі ў каўбасе Бабруйскага мясакамбіната. Раней заражанай называлі прадукцыю Аршанскага, Мінскага і Магілёўскага мясакамбінатаў.
“У нас правяраецца партыя гатовай прадукцыі. Пасля забою туша праходзіць кантроль 6 ветлекараў. А знаходжанне генома ў гатовай прадукцыі, гэтую методыку прыдумалі ў Расіі, з ёй цяпер нашы ветлекары разбіраюцца”, — апісваюць кантроль на Бабруйскім мясакамбінаце.
Нібыта заражаная каўбаса была вырабленая ў 20 чыслах кастрычніка. Але “чумной свініны” на камбінатах быць не можа, запэўніваюць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. Бо сыравіна часоў выбуху свіной чумы даўно сышла:
“Мусіць быць агульнапрызнаная методыка. Бо пакуль у нас ёсць сумневы. Нядаўна яны распрацавалі методыку выяўлення генома. Мы на кантакце з Рассельгаснаглядам, у далейшым хочам праводзіць даследаванні адначасова, каб не было сумневаў”, — даводзяць у міністэрстве.
Беларускую каўбасу з геномам ва Усерасійскім навукова-даследчым інстытуце ветэрынарнай вірусалогіі і мікрабіялогіі называюць “прадукцыяй з мінімальнай рызыкай”.
“З пункту гледжання бяспекі для жывёл — гэта прадукцыя мінімальнай рызыкі. Ніякай складанасці ў правядзенні такіх даследаванняў няма. Гэта каштуе, як праверыцца на венерычную інфекцыю”, — праводзіць паралелі дырэктар інстытута Дзяніс Калбасаў.
Геном у беларускай каўбасе мог з’явіцца, бо магла патрапіцца адна заражаная жывёла, выказваюцца ў Беларускім Інстытуце эксперыментальнай ветэрынарыі Вышалеўскага:
“Пад уздзеяннем тэмпературы вірус гіне, але геном — не. Так што выявіць геном магчыма. Але гэта не правіламі Мытнага саюза, ні правіламі Еўрапейскай эканамічнай прасторы пакуль не ўзаконена. Цяпер па гэтым пытанні вядзецца праца. Можа быць, выпадкова трапіла адна жывёла”.
Значыць, ці то адна заражаная жывёла, ці то старая сыравіна, якой па словах чыноўнікаў на мясакамбінатах быць не можа. На мясакамбінатах схільныя вінаваціць методыку расійскіх навукоўцаў, па якой тыя знаходзяць геном у беларускай каўбасе.
У Інстытуце ветэрынарыі дадаюць, што беларускія лабараторыі маюць усё неабходнае, каб знаходзіць афрыканскую чуму свіней. Афрыканская чума свіней небяспечная для жывёл, але не пагражае чалавеку.
Фота: zakupka.tv